Кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад Кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад   (©cardinale Koovakad )

Кардынал Коавакад: паняцце братэрства – не ўтапічная ідэя

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу нагадаў пра ролю розных рэлігійных традыцый для абароны і прасоўвання міру ў свеце, які сёння становіцца ўсё больш фрагментаваным і палярызаваным.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму “Будаванне братэрства праз дыялог і супрацоўніцтва”, якая 23-24 чэрвеня 2026 года праходзіць у Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме (Angelicum).

У форуме бяруць удзел прадстаўнікі розных веравызнанняў з еўрапейскіх краін: хрысціяне, будысты, індуісты, джайністы і сікхі. Яны разам абмяркоўваюць, як праз дыялог і супрацоўніцтва будаваць лепшыя адносіны паміж людзьмі і ствараць больш мірнае грамадства.

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу заўважыў, што “паняцце братэрства часта лічыцца ўтопіяй”, асабліва сёння, калі яно “сур’ёзна падарвана злачынствамі супраць чалавечнасці, войнамі, гвалтам, канфліктамі, падзеламі, дыскрымінацыяй і нянавісцю ў розных частках свету”. Паводле іерарха, гэта памылка, бо людзі розных рэлігій і культур могуць і павінны вучыцца жыць разам у павазе і паразуменні.

Гаворачы пра Еўропу, кардынал Коавакад адзначыў, што на працягу стагоддзяў кантынент фарміраваўся менавіта дзякуючы сустрэчы розных народаў, культур і рэлігій. Міграцыя, глабалізацыя і іншыя грамадскія змены зрабілі Еўропу месцам, дзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей, моў і веравызнанняў.

На думку іерарха, гэтую разнастайнасць трэба ўспрымаць як каштоўнасць, а не як праблему. Яна можа дапамагчы будаваць больш адкрытае, згуртаванае і гарманічнае грамадства, заснаванае на братэрстве, сяброўстве і павазе да годнасці і правоў кожнага чалавека, асабліва права свабодна вызнаваць і практыкаваць сваю рэлігію.

Кардынал заклікаў жыхароў Еўропы і тых, хто зрабіў яе сваім домам, працаваць дзеля агульнага дабра, “з перакананнем, што культурная, рэлігійная і сацыяльная разнастайнасць – гэта чалавечае багацце, а не пагроза”. На яго думку, чым больш людзі розных веравызнанняў сустракаюцца, размаўляюць і вучацца разумець адзін аднаго, паважаючы асаблівасці сваіх традыцый і культуры, тым мацнейшымі становяцца ўзаемная павага, братэрства і жаданне супрацоўнічаць на карысць усяго грамадства.

Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, прэфект заклікаў удзельнікаў канферэнцыі аб’яднаць намаганні “дзеля абароны і прасоўвання міру, справядлівасці і чалавечага братэрства праз дыялог, супрацоўніцтва і сацыяльнае сяброўства”, якія з’яўляюцца асновай будавання чалавечага братэрства ў наш час, калі свет як ніколі фрагментаваны і палярызаваны.
 

23 чэрвеня 2026, 12:39