Пошук

Папа Леў XIV і кардынал Грэк падчас IV сесіі кансісторыя Папа Леў XIV і кардынал Грэк падчас IV сесіі кансісторыя  (@Vatican Media)

Кардынал Грэк: сінадальнасць павінна служыць місіі Касцёла

Кардынал Марыё Грэк прысвяціў сваё выступленне на надзвычайным кансісторыі пытанню рэалізацыі рашэнняў Сінода Біскупаў і падрыхтоўцы да касцёльных асамблей 2027-2028 гадоў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў выступіў з уступным дакладам на пачатку чацвёртай сесіі кансісторыя, якая 27 чэрвеня 2026 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Ён нагадаў, што за апошнія гады ў сінадальным працэсе прынялі ўдзел мільёны вернікаў па ўсім свеце. Гэты досвед спрыяў развіццю ўзаемнага слухання, духоўнага распазнання і большай адказнасці Божага народа за жыццё Касцёла. Пры гэтым у розных мясцовых Касцёлах сінадальны шлях праходзіў па-рознаму: у адных краінах яго прынялі з энтузіязмам, у іншых ён сустрэў супраціў, цяжкасці і пытанні.

Кардынал Грэк падкрэсліў, што шлях, які вядзе да асамблеі 2028 года, не азначае паўторнага правядзення кансультацый або простага выканання прынятых рашэнняў. Яго галоўная мэта – дапамагчы мясцовым Касцёлам асэнсаваць атрыманы досвед, распазнаць плёны, вызначыць неабходныя навяртанні і паступова ўвасобіць вынікі сінадальнага шляху ў звычайным касцёльным жыцці.

Іерарх звярнуў увагу на ўзаемны абмен досведам паміж мясцовымі Касцёламі. На яго думку, нацыянальныя, рэгіянальныя і кантынентальныя асамблеі павінны стаць не месцам сустрэчы епіскапатаў, каардынацыйных органаў або царкоўных структур, а хутчэй, месцамі сустрэч саміх Касцёлаў, прадстаўленых ва ўсёй разнастайнасці пакліканняў, служэнняў і харызм.

Кардынал Грэк адзначыў незаменную ролю біскупаў у гэтым працэсе. Менавіта яны пакліканы захоўваць касцёльную еднасць, падтрымліваць духоўнае распазнаванне і заахвочваць удзел кожнага верніка ў адпаведнасці з пакліканнем, харызмай і адказнасцю. Бок аб бок з біскупамі працуюць многія іншыя людзі і арганізацыі: сінадальныя групы, грамадскія арганізацыі, святары, кансэкраваныя асобы, асацыяцыі, рухі, адукацыйныя ўстановы, сем'і, моладзь і мясцовыя супольнасці.

Іерарх таксама акрэсліў чатыры асноўныя этапы працэсу: пераасэнсаванне досведу, тлумачэнне, накіраванне і святкаванне. Ён растлумачыў, што гэтыя крокі павінны дапамагчы Касцёлу ператварыць назапашаны вопыт у агульную мудрасць, паглыбіць яго тэалагічнае асэнсаванне, вызначыць прыярытэты будучай дзейнасці і падзякаваць Богу за пройдзены шлях.

Кардынал Грэк таксама адзначыў, што сінадальнасць не з'яўляецца самамэтай, але павінна служыць місіі Касцёла. Ва ўмовах войнаў, росту сацыяльнай няроўнасці, міграцыі і хуткіх тэхналагічных змен Касцёл павінен яшчэ больш уважліва слухаць людзей, распазнаваць знакі часу і даваць пераканаўчае сведчанне Евангелля, - падкрэсліў ён.

27 чэрвеня 2026, 17:50