Кардынал Коавакад здзейсніў візіт у Азербайджан

15-19 чэрвеня 2026 года прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, здзейсніў візіт у Азербайджан, які ўключаў сустрэчы з кіраўніцтвам краіны, мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і каталіцкай супольнасцю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Коавакад пачаў свой візіт святой Імшой у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку і сустрэчай з мясцовымі вернікамі. Іерарх заклікаў католікаў Азербайджана сведчыць пра сваю веру, мужна выконваючы запаведзь любові, нават нягледзячы на цяжкасці, якія яны могуць сустракаць у сваім жыцці.

Наступным этапам візіту кардынала стала сустрэча з прэзідэнтам краіны Ільхамам Аліевым. Паводле інфармацыйнага агенцтва “Azertag”, падчас размовы былі адзначаны добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Азербайджанам і ўклад узаемных візітаў і кантактаў на высокім узроўні ва ўмацаванне супрацоўніцтва.

Бакі высока ацанілі той факт, што прадстаўнікі розных народаў і рэлігій гістарычна жылі разам у Азербайджане як адна сям’я ў атмасферы міру і ўзаемнай павагі. Была адзначана дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Азербайджане, а таксама згадвалася, што ў цяперашні час у краіне вядзецца будаўніцтва другога каталіцкага храма. На сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва паміж Фондам Гейдара Аліева і Святым Пасадам, была падкрэслена роля Фонду ў захаванні культурнай спадчыны і садзейнічанні міжрэлігійнаму дыялогу праз яго праекты.

Падчас візіту кардынал Коавакад таксама сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па працы з рэлігійнымі арганізацыямі Рамінам Мамедавым, з якім абмяняўся меркаваннямі па пытаннях абароны рэлігійнай разнастайнасці ў Азербайджане, умоў, створаных для дзейнасці рэлігійных супольнасцей, і дзяржаўных ініцыятываў па садзейнічанні міжканфесійнай згодзе.

18 чэрвеня прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу выступіў з прамовай у рэзідэнцыі старшыні Упраўлення мусульман Каўказа, шэйха-уль-іслама Алахшукюра Пашазадэ ў Баку, выказаўшы ўдзячнасць за цёплы прыём і за даўняе сяброўства, якое лучыць Святы Пасад з рэлігійнымі супольнасцямі Азербайджана.

Па словах кардынала Коавакада, тое, што было пабудавана да гэтага часу, павінна быць стымулам для імкнення да ідэалу “цывілізацыі любові”, актуалізаванага Папам Леў XIV у яго энцыкліцы “Magnifica humanitas”. У гэтым духу ён адзначыў важнасць выканання пяці важных абавязацельстваў, пацверджаных у дакуменце: абяззброіць словы, якія сеюць варожасць і падзел; будаваць мір у справядлівасці, абараняючы годнасць кожнага чалавека; прымаць пункт гледжання ахвяр і чуць крык тых, хто пакутуе; аднаўляць дыялог паміж рэлігіямі, культурамі і народамі; умацоўваць дыпламатыю і шматбаковае супрацоўніцтва ў адказе на выклікі сучаснага свету. Гэтыя прынцыпы з’яўляюцца не проста “высакароднымі памкненнямі”, а “неадкладнымі абавязкамі”, - сцвердзіў ватыканскі прэфект.
 

19 чэрвеня 2026, 10:03