Свецкая жанчына стала прэфектам Дыкастэрыі па камунікацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа прыняў рашэнне даверыць кіраўніцтва Дыкастэрыяй па камунікацыі Марыі Мантсерат Альварада, якая на дадзены момант з'яўляецца старшынёй і аперацыйным дырэктарам "EWTN News". Яна пачне выкананне сваіх абавязкаў з лістапада 2026 года.
Гэты крок азначае працяг рэформы і абнаўлення Рымскай курыі, распачатых Папам Францішкам, паколькі Альварада стане першай свецкай жанчынай, якая не належыць да манаскага стану, прызначанай прэфектам дыкастэрыі Святога Пасада.
Ад абароны рэлігійнай свабоды да кіравання глабальнымі каталіцкімі медыяплатформамі
Новая кіраўніца нарадзілася ў Мехіка, атрымала навуковыя ступені ў Міжнародным універсітэце Фларыды і Універсітэце Джорджа Вашынгтона. З 2009 па 2023 год яна займала кіруючыя пасады ў Фондзе Бэкета за рэлігійную свабоду, дзе прысвяціла сябе абароне правоў чалавека. З 2023 года Альварада працуе старшынёй і аперацыйным дырэктарам "EWTN News" – журналісцкага падраздзялення тэлевізійнай сеткі "Eternal Word Television Network". На гэтай пасадзе яна курыруе міжнародныя інфармацыйныя рэсурсы, якія ствараюць кантэнт на сямі мовах для тэлебачання, радыё, друкаваных выданняў і сацыяльных сетак.
Дыкастэрыя па камунікацыі, створаная Папам Францішкам 27 чэрвеня 2015 года ў межах рэформы Рымскай курыі, кіруе ўсімі медыясістэмамі Святога Пасаду. Сярод іх – "Vatican News", Ватыканскае радыё, газета "L'Osservatore Romano", "Vatican Media", Зала друку Святога Пасада, Ватыканскае выдавецтва, Ватыканская друкарня і Ватыканская фільматэка. Акрамя аперацыйных задач, ведамства распрацоўвае тэалагічныя і душпастырскія аспекты касцельнай дзейнасці.
Альварада заменіць на пасадзе Паола Руфіні, якога ў 2018 годзе Папа Францішак прызначыў першым свецкім прэфектам у Рымскай курыі і якому ў кастрычніку 2026 года споўніцца 70 гадоў.
“Я прымаю гэтае прызначэнне са шчырым жаданнем служыць Святому Айцу"
Пасля афіцыйнага паведамлення Марыя Мантсерат Альварада заявіла: "Хоць гэтае прызначэнне было нечаканым, я прымаю яго са шчырым жаданнем служыць Святому Айцу на пачатку яго пантыфікату. Я ўдзячная Паола Руфіні за яго кіраўніцтва ў апошнія гады і з нецярпеннем чакаю працягу гэтай важнай працы ў духу сяброўства і надзеі, каб узмацніць Дыкастэрыю для служэння Касцёлу ў Рыме і ва ўсім свеце, абвяшчаючы Хрыста чалавецтву".
У сваю чаргу Паола Руфіні накіраваў ліст супрацоўнікам ведамства, дзе падкрэсліў касцельнае значэнне іх сумеснай працы: "Дыкастэрыя мае ў сваім ДНК абавязак пастаянна быць у гармоніі са светам камунікацыі, які хутка развіваецца". Ён адзначыў, што дасягнуў пенсійнага ўзросту і з радасцю перадасць эстафету Альварада, з якой яны будуць шчыльна супрацоўнічаць у бліжэйшыя месяцы для забеспячэння плаўнага пераходу.