У Грыгарыянскім універсітэце абмяркуюць ролю ШІ ў евангелізацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча пад назвай “Роля штучнага інтэлекту ў свеце евангелізацыі: антрапалагічны, духоўны і тэхналагічны выклікі” распачнецца ў 10:30 раніцы. Яна будзе прысвечана асэнсаванню ўплыву штучнага інтэлекту на евангелізацыйную місію Касцёла, у тым ліку ў святле новай энцыклікі Льва XIV “Magnifica humanitas”. Арганізатарамі форума выступаюць Папскі грыгарыянскі ўніверсітэт у супрацоўніцтве з рухам “Gloriosa Trinità” і Інстытутам Святой Тройцы. Ён пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па камунікацыі Святога Пасада.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звернецца айцец Аморы Бегасэ дэ Даэма, дэкан тэалагічнага факультэта Грыгарыянскага ўніверсітэта. Затым з дакладам выступіць галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі, які закране праблему маніпуляцыі грамадскай думкай у кантэксце разважанняў Льва XIV пра штучны інтэлект. Наступным дакладчыкам стане айцец Эндру Ляугмінас, супрацоўнік Дыкастэрыі веравучэння і выкладчык Грыгарыянскага ўніверсітэта. Ён прадставіць тэалагічны, маральны і духоўны погляд на выклікі, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту, спасылаючыся ў тым ліку і на дакумент “Antiqua et Nova”. Завершыць ранішнюю сесію айцец Паола Бенанці, выкладчык этыкі, біяэтыкі і этыкі тэхналогій, які прааналізуе перспектывы развіцця штучнага інтэлекту і яго ўплыў на паўсядзённае жыццё чалавека.
У другой палове дня адбудзецца дыскусія, у якой возьмуць удзел айцец Дарыюш Кавальчык, выкладчык дагматычнай тэалогіі Грыгарыянскага ўніверсітэта, айцец Анджэй Свянцінскі, заснавальнік руху “Gloriosa Trinità” і дырэктар Інстытута Святой Тройцы, айцец Ларан Тузэ, выкладчык духоўнай тэалогіі з Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа, а таксама журналістка і заснавальніца “Майстарскай акадэміі любові” Міра Янкоўская. Мадэратарам выступіць айцец Анджэй Хараманскі з Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Завершыцца канферэнцыя ў 16:30 Імшой у рымскім касцёле Дванаццаці апосталаў.