Кардынал Паралін да гвардзейцаў: "Езус – найвышэйшы Капітан"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 6 мая 2026 года ў Базіліцы Святога Пятра Дзяржаўны сакратар Яго Святасці ўзначаліў Эўхарыстыю для маладых абаронцаў Папы. У сваёй гаміліі ён засяродзіўся на евангельскім вобразе вінаграднай лазы, падкрэсліўшы, што гэтыя словы павінны стаць для гвардзейцаў пуцяводнай зоркай.
Кардынал вылучыў тры ключавыя фазы выхавання вучня. Першая – гэта ачышчэнне Божым Словам, якое пазбаўляе чалавека ад эгаізму. Другі важны момант – заставацца ў Пану з любові, а не з прычыны халоднага абавязку.
"Ваша існаванне асветліцца, калі вы ўсвядоміце, што Бог ніколі не пакідае вас адных. Ён – найвышэйшы Капітан, які суправаджае вас кожны момант у вашым патрабавальным служэнні", - звярнуўся іерарх да навабранцаў.
Трэці этап – прыносіць багаты плён. Бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што галінка вінаграднай лазы заўсёды прыносіць плод не для сябе, а для іншых. Гаворка ідзе не пра звычайную працавітасць, а пра служэнне ў евангельскім духу.
Напрыканцы гаміліі кардынал Паралін прызнаўся, што разумее хваляванне і трымценне навабранцаў перад урачыстай прысягай. Ён заклікаў іх не баяцца і ўзяць за правіла словы іх суайчынніка, святога Мікалая з Флюэ: "Калі ў мяне ёсць пакора і вера, я не магу памыліцца ў курсе". Паводле слоў іерарха, менавіта гэтыя дзве цноты дапамогуць маладым ваярам штодня заставацца з Богам і прыносіць добры плён.