Зорны этыкет: дырэктар абсерваторыі Ватыкана пра імёны ў Сусвеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Шлях нябеснага цела ад выпадковага пункту на здымку да афіцыйнага прызнання ва ўсім свеце з’яўляецца доўгай і патрабавальнай дысцыплінай. У інтэрв’ю парталу "www.vaticanstate.va" дырэктар Ватыканскай абсерваторыі ксёндз Рычард Д’Суза адзначыў, што працэс наймення астэроідаў – гэта не проста фармальнасць, а глыбока прадуманая сістэма, якая можа доўжыцца дзесяцігоддзямі.
Усё пачынаецца з часовай абазначэння, якое надае Міжнародны цэнтр малых планет, і толькі пасля дакладнага вызначэння арбіты, якая дазваляе прадказваць становішча аб’екта ў будучыні, астэроід атрымлівае свой сталы нумар.
Працэс ператварэння светлавой кропкі ў імянны аб’ект патрабуе гадоў назіранняў і строгай матэматычнай верыфікацыі
Ксёндз Д’Суза падкрэсліў, што права прапанаваць імя належыць першаадкрывальніку, але гэтае права абмежавана строгімі этычнымі рамкамі Міжнароднага астранамічнага саюза. Назва не можа быць даўжэйшай за шаснаццаць сімвалаў, павінна лёгка вымаўляцца і не мець абразлівага сэнсу.
Астранамічная супольнасць свядома ахоўвае неба ад камерцыялізацыі і палітычных спрэчак: імёны хатніх жывёл або назвы брэндаў забаронены, а палітычныя дзеячы могуць з’явіцца на зорнай карце толькі праз сто гадоў пасля іх смерці. Гэта гарантуе, што неба застаецца прасторай вечных каштоўнасцей, а не імгненных інтарэсаў.
На карце Сусвету сустракаюцца імёны Бетховена, Шэкспіра, Канфуцыя і Ібн Батуты. Астраномія актыўна ўключае спадчыну народаў Афрыкі, Акіяніі і індзейцаў Паўночнай Амерыкі, што робіць космас агульнай інклюзіўнай прасторай для ўсіх цывілізацый.
Сучасная зорная карта – гэта мазаіка сусветнай гісторыі, дзе навука ўшаноўвае дух чалавечага пошуку і мастацтва
Для Ватыканскай абсерваторыі гэтая традыцыя з’яўляецца спосабам папулярызацыі навукі. Наданне імёнаў выбітным асобам, такім як Папа Леў XIІІ, які адыграў ключавую ролю ў адраджэнні астранамічных даследаванняў Касцёла, дапамагае прыцягнуць увагу грамадства да навуковых дасягненняў.
Ксёндз Д’Суза заўважыў, што нават калі звычайныя грамадзяне ці школы не могуць наўпрост удзельнічаць у выбары імёнаў, кожнае такое найменне становіцца нагодай для размовы пра законы прыроды, адкрытыя Эйнштэйнам ці айцом Жоржам Леметрам.