2026.02.11 disagio mentale giovanile

Кардынал Паралін: сучаснае грамадства не дае моладзі мэты

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы выступіў на ватыканскай канферэнцыі, прысвечанай праблемам адукацыі, лічбавізацыі і псіхічнага здароўя моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму "Карты надзеі для рэгіянальнай адукацыйнай праграмы: псіхічнае здароўе, лічбавыя тэхналогіі і адукацыя", які сабраў у Ватыкане палітыкаў, навукоўцаў і экспертаў, кардынал П’етра Паралін засяродзіўся на глыбокім "крызісе сэнсу".

Паводле яго слоў, падрастаючае пакаленне сутыкаецца з выклікамі ў "грамадстве, якое прапануе маладым усе сродкі, але не дае ніякай мэты". Іерарх нагадаў, што выхаванне – гэта не шараговы пункт палітычнага парадку дня, а асноўны стоўп інтэгральнага развіцця чалавека.

Пытанне псіхічнага здароўя патрабуе асаблівай увагі, бо пасля пандэміі сярод маладых людзей вырас узровень трывожнасці, дэпрэсіі і псіхічных пакут. Іерарх перасцярог ад спакусы "звесці праблему да клінічнага пытання і перадаць яе выключна сістэме аховы здароўя".

Паралін нагадаў, што Касцёл заўсёды навучаў, што чалавечая асоба складае непарыўнае цэлае цела, розуму і духу, таму канцэпцыя адукацыі, якая ігнаруе адно з гэтых вымярэнняў, з'яўляецца "пакалечанай". Школа і сям'я павінны дапамагчы маладзёнам зразумець сябе, кіраваць эмоцыямі і знаходзіць сэнс уласнага існавання.

Што тычыцца лічбавых тэхналогій, Дзяржаўны сакратар згадаў заклік Папы Льва XIV да прасоўвання "лічбавай чалавечнасці", якая ставіць чалавека перад алгарытмам і гарманізуе розныя формы інтэлекту.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра навязванне гатовых адказаў, а пра суправаджэнне моладзі ў адкрыцці ўнутраных пытанняў, развіцці здольнасці да рэфлексіі і распазнавання.

На заканчэнне ён звярнуўся да палітыкаў з просьбай данесці да сваіх урадаў усведамленне таго, што псіхічнае здароўе моладзі – гэта надзвычайная сітуацыя, якая патрабуе структурных рашэнняў і інвестыцый на агульную карысць грамадства.
 

30 мая 2026, 10:13