Сінод біскупаў па сінадальнасці. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў па сінадальнасці. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Справаздачы Сінода: выбар біскупаў і вырашэнне складаных пытанняў

Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў апублікаваў першую частку выніковай справаздачы даследчай групы №7, прысвечаную выбару кандыдатаў на біскупскае служэнне, а таксама справаздачу групы №9, якая тычыцца сінадальнага распазнавання сучасных дактрынальных, пастырскіх і этычных пытанняў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паводле кардынала Марыё Грэка, гэтыя дакументы закранаюць “сэрца касцёльнага жыцця”. Першая справаздача нагадвае аб тым, што адбор кандыдатаў на біскупскае служэнне – гэта глыбокі працэс духоўнага распазнавання хрысціянскай супольнасці: няма пастыра без паствы, няма паствы без пастыра. Другі дакумент прапануе канкрэтныя інструменты для вырашэння найбольш складаных пытанняў: слуханне зацікаўленых асоб, уважлівы аналіз рэчаіснасці і збіранне ведаў.

Новы падыход да выбару біскупаў

Першая частка выніковай справаздачы даследчай групы №7 тычыцца крытэрыяў выбару кандыдатаў на біскупства. У ёй адзначаецца, што працэс адбору біскупаў павінен разглядацца як момант касцёльнага распазнавання і кіравацца Святым Духам у атмасферы малітвы і слухання. Удзельнікамі гэтага працэсу з’яўляюцца мясцовы Касцёл са сваім біскупам, біскупы касцёльнай правінцыі або біскупскай канферэнцыі, а таксама апостальскі нунцый, якому, як гаворыцца ў справаздачы, варта самому мець сінадальны і місійны профіль, каб распазнаваць гэтыя якасці ў тых, каго прапануюць як магчымых кандыдатаў на біскупства.

У дакуменце прапануецца, каб у кожнай дыяцэзіі перыядычна праводзілася ацэнка яе стану і патрэб. У выпадку змены біскупа кансультацыі павінны ўключаць святарскія рады і дыяцэзіяльныя пастырскія рады, члены якіх калегіяльна выказваюць меркаванне аб патрэбах дыяцэзіі і перадаюць біскупу – у закрытым канверце – імёны магчымых кандыдатаў на біскупства. Там, дзе гэта магчыма, таксама трэба праводзіць кансультацыі з саборным капітулам, радай па эканамічных пытаннях, прадстаўнікамі свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб, моладзі і бедных.

Сярод якасцяў, неабходных кандыдатам, асаблівая ўвага надаецца “сінадальным кампетэнцыям”: здольнасці будаваць еднасць, весці дыялог, глыбока разумець мясцовыя культуры і быць гатовым канструктыўна інтэгравацца ў іх. Аўтары справаздачы таксама заклікаюць дыкастэрыі Рымскай курыі перагледзець свае працэдуры ў больш сінадальным духу, а таксама прапануецца перыядычна праводзіць незалежную ацэнку працэсаў адбору.

Група №7 працягвае працу над іншымі даручанымі ёй тэмамі: судовай функцыяй біскупа, візітамі "ad limina apostolorum" і фармацыяй біскупаў.

Сінадальны метад для вырашэння складаных пытанняў

Даследчая група №9 прапануе змену парадыгмы таго, як Касцёл вырашае складаныя дактрынальныя, пастырскія і этычныя пытанні. Адпраўным пунктам служыць біблійны ўрывак – раздзелы 10-15 Дзеяў Апосталаў, якія паказваюць, што можна паважаць культурную разнастайнасць, не губляючы навізны Евангелля.

Першым важным крокам стаў выбар тэрміналогіі: замест выразу “спрэчныя пытанні” у справаздачы выкарыстоўваецца тэрмін “пытанні, якія ўзнікаюць”, бо мэта складаецца не ў тым, каб проста вырашыць праблему, а каб пабудаваць агульнае дабро з дапамогай адносін, сумеснага навучання і празрыстасці.

Дакумент уводзіць "прынцып пастырства", які нагадвае, што абвяшчэнне Евангелля немагчыма без адказнасці за суразмоўцу, у якім ужо дзейнічае Святы Дух. Для канкрэтнага вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць, група прапануе тры метадалагічныя крокі: слухаць сябе, слухаць рэчаіснасць, збіраць веды. Метад “Размовы ў Святым Духу” застаецца галоўным інструментам для развіцця сінадальнай культуры ў Касцёле.

Канкрэтныя прыклады

У трэцяй частцы справаздачы гэты падыход ужываецца да двух актуальных пытанняў: досведу вернікаў з гомасексуальнай арыентацыяй і практыкі актыўнага ненасілля, прыкладам якой стаў рух сербскай моладзі, які садзейнічаў мірнаму падзенню Мілошавіча, натхняючыся ўзорам першых хрысціян. У абодвух выпадках не прапануюцца канчатковыя рашэнні, а фармулююцца напрамкі для далейшага этычнага і тэалагічнага разважання, каб кожная супольнасць магла ўзяць на сябе абавязак спрыяць дабру, праз якое Бог дзейнічае ў гісторыі і ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях людзей.

Справаздачы і іх кароткае рэзюмэ на пяці мовах даступныя на сайце Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў.

05 мая 2026, 11:45