“Няхай мне дапаможа Бог!”: новыя гвардзейцы прысягнулі Папу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Вам, дарагія юнакі, якія склалі прысягу, я выказваю сваю павагу і ўдзячнасць. Гэты ўчынак сведчыць пра вашу адданасць, натхнёную юнацкім энтузіязмам і заснаваную на веры ў Бога і любові да Касцёла”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да гвардзейцаў, якія ўрачыста пакляліся верна служыць Папу і яго наступнікам, ахвяруючы, калі спатрэбіцца, нават уласнае жыццё дзеля іх абароны.
Ва ўрачыстасці бралі ўдзел прадстаўнікі ўладаў Швейцарыі на чале з прэзідэнтам Гі Пармеленам, кіраўніцтва ўзброеных сіл, старшыня Швейцарскай біскупскай канферэнцыі біскуп Шарль Марэро, сваякі і блізкія навабранцаў, госці з Рыма і іншых частак свету.
Цырымонія пачалася з прывітальнага слова камандзіра Швейцарскай гвардыі, палкоўніка Крыстафа Графа, які засяродзіўся на каштоўнасці і сэнсе служэння. “У нашым грамадстве да службы ставяцца крытычна. Некаторыя ўспрымаюць яе як перашкоду на шляху да самарэалізацыі ці, што нярэдка здараецца, атаясамліваюць яе з нечым нязначным і прыніжальным. Але тут паўстае рытарычнае пытанне: “І ўсё ж, дарагія гвардзейцы, паважаныя госці, хіба не закладзена ў самой сутнасці чалавека імкненне служыць іншым?” Служба – гэта місія і шлях самарэалізацыі. Гэта не цяжар, а магчымасць: менавіта ставячы свае таленты на службу іншым, мы можам цалкам рэалізаваць сябе”, - сказаў палкоўнік Граф, нагадаўшы таксама пра прыклад Езуса, які сказаў: “Я прыйшоў не дзеля таго, каб Мне служылі, але каб служыць”.
Камандзір гвардзейцаў падкрэсліў, што ўсведамленне знаходжання на службе бароніць ад пыхі і вучыць пакоры, а ахвяраванне жыцця іншым вядзе да сапраўднага чалавечага і духоўнага росту.
Затым з духоўным настаўленнем да прысутных звярнуўся капелан Швейцарскай гвардыі. На завяршэнне свайго звароту ён зачытаў тэкст прысягі, якую рэкруты ўрачыста пацвярджалі асабіста, кажучы: “Клянуся верна, аддана і пачэсна выконваць усё, што мне было цяпер прачытана. І няхай мне дапаможа Бог і нашы святыя апекуны!”
На заканчэнне цырымоніі яе ўдзельнікаў прывітаў Папа, які падзякаваў сем’ям гвардзейцаў за іх падтрымку і прысутнасць на святкаванні. Пантыфік выказаў таксама словы ўдзячнасці гвардзейцам, давяраючы іх службу апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.