Пошук

Генеральная асамблея Папскіх місійных ініцыятыў Генеральная асамблея Папскіх місійных ініцыятыў 

Кардынал Тагле: паказаць свету, што адзінства магчымае

Місія і адзінства нараджаюцца з хросту, - падкрэсліў кардынал Луіс Антоніа Тагле ў звароце да ўдзельнікаў пасяджэння Папскіх місійных ініцыятыў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

27 мая 2026 года ў Рыме распачалася генеральная асамблея Папскіх місійных ініцыятыў. З уступным словам да яе ўдзельнікаў звярнуўся прапрефект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Ён прапанаваў паразважаць над пасланнем Льва XIV на Сусветны дзень місій – 2026, у якім ключавой тэмай з’яўляецца заклік Хрыста да адзінства і вопыт першых хрысціянскіх супольнасцей. Сусветны дзень місій сёлета будзе адзначацца ў нядзелю, 18 кастрычніка.

Кардынал Тагле падкрэсліў, што малітва Езуса з Евангелля паводле святога Яна (17:21), “каб усе былі адно”, з’яўляецца асновай касцёльнай еднасці і місійнасці. Ён адзначыў, што гэтае адзінства нараджаецца з сакрамэнту хросту і з’яўляецца не арганізацыйнай дамоўленасцю, а дарам Божай камуніі, удзелам у жыцці Найсвяцейшай Тройцы. “Калі мы гаворым пра хрост як пра сакрамэнт веры, а таксама як пра сакрамэнт місіі, мы павінны вярнуцца да гэтага фундаментальнага элемента адзінства, еднасці з Тройцай”, - сказаў іерарх.

Па яго словах, місія Касцёла немагчымая без унутранага адзінства, бо менавіта яно з'яўляецца сведчаннем для свету. У малітве Езуса адзінства “не звернута ўнутр”, не замыкаецца ў супольнасці. “Адзінства хрысціян – гэта місіянерскае абвяшчэнне таго, кім з'яўляецца наш Бог”, - зазначыў кардынал Тагле.

Прапрэфект падкрэсліў, што падзелы і канфлікты сярод хрысціян падрываюць давер да евангельскага паслання, асабліва ў краінах першай евангелізацыі. “На карту пастаўлена не маё племя і не мой рэгіён. На карту пастаўлена: ці павераць людзі, што Езус быў пасланы Айцом?” – патлумачыў ён.

Кардынал Тагле прывёў у прыклад першыя хрысціянскія супольнасці, якія разам маліліся, дзялілі хлеб і дзяліліся ўсім, што ў іх было: у іх было "адно сэрца і адна душа". “Святы Айцец просіць нашы парафіі, дыяцэзіі, манаскія супольнасці, школы жыць гэтым, зрабіць гэта правілам жыцця". У свеце, пазначаным канкурэнцыяй, няроўнасцю, дыскрымінацыяй, несправядлівасцю, вайной, Леў XIV даручае Касцёлу дакладную місію: "паказаць свету, што адзінства магчымае, што адзінства рэальнае”, - патлумачыў іерарх.

Кардынал Тагле нагадаў, што любоў з’яўляецца сутнасцю, “субстанцыяй”, адзінства і місіі. Наш настаўнік і Пан Езус Хрыстус вучыў нас любіць усіх. Праз хрост мы належым адзін аднаму. І гэтая прыналежнасць выяўляецца ў клопаце адзін пра аднаго, клопаце пра агульнае дабро і становіцца місіянерскім сведчаннем для сучаснага свету, - заключыў прапрэфект.

29 мая 2026, 13:15