Паралін: католікі ў Афрыцы пакліканы да актыўнага ўдзелу ў зменах
Марыя Валодзіна – Vatican News
13-23 красавіка 2026 года Леў XIV здзейсніць апостальскае падарожжа ў Алжыр, Камерун, Анголу і Экватарыяльную Гвінею. Як падкрэсліў кардынал П’етра Паралін ў інтэрв’ю з Масімільяна Менікеці, намеснікам рэдакцыйнага дырэктара Ватыканскага радыё – Vatican News, мэта візіту – стаць знакам прысутнасці Касцёла там, дзе найбольш востра адчуваюцца чалавечыя пакуты. Нягледзячы на розную гісторыю і сацыяльна-палітычны кантэкст гэтых чатырох краін, іх аб’ядноўваюць як жывыя і актыўныя каталіцкія супольнасці, так і сур’ёзныя выклікі: беднасць, уразлівасць, няроўнасць і сацыяльная напружанасць.
У Алжыры, краіне з мусульманскай большасцю, Папа наведае Вялікую мячэць у сталіцы, а таксама горад Анабу – старажытны Гіпон, звязаны з Святым Аўгустынам. На пытанне пра значэнне гэтага візіту для міжрэлігійнага дыялогу кардынал Паралін адказаў, што гэта не проста сімвалічны жэст памяці, а крок глыбокай ідэнтычнасці і, перш за ўсё, духоўнай паслядоўнасці. Папа ведае гэтую зямлю і некалькі разоў наведваў яе ў якасці прыёра. Святы Аўгустын з'яўляецца ў гэтым кантэксце “элементам дыялогу” і месцам сустрэчы хрысціянскай традыцыі і ісламскага свету. Наведванне Вялікай мячэці Алжыра цалкам ўпісваецца ў гэтую перспектыву як натуральны працяг шляху міжрэлігійнага дыялогу, пачатага ў Турцыі і Ліване.
У Камеруне, дзе на працягу некалькіх гадоў захоўваецца напружанасць у англамоўных рэгіёнах, Папа выступіць як пасланец міру. Прысутнасць Святога Айца ў гэтай краіне – гэта блізкасць пастыра, які атаясамлівае сябе са сваёй паствай. Ён адпраўляецца туды як носьбіт надзеі на прымірэнне і мір, асабліва для моладзі. Яго пасланне – заклік да дыялогу і ўзаемнай павагі, - адзначыў кардынал Паралін.
У Анголе Папа зверне ўвагу на праблему сацыяльнай няроўнасці. Сталіца Луанда сімвалізуе эканамічны росквіт: з'яўляецца аазісам дабрабыту, прыцягвае замежныя інвестыцыі і мігрантаў, а горад Саўрыма вядомы здабычай алмазаў. Але разам з гэтым ёсць і праблемы — эксплуатацыя рабочых, сацыяльна-эканамічная няроўнасць і ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Марыйны санктуарый у Мушыме, наадварот, увасабляе жыццёвую моц веры, якая дапамагала ангольскаму народу пераадолець сумныя падзеі гісторыі, - падкрэсліў іерарх, адзначаючы актыўнасць мясцовага Касцёла, які ён наведваў у 2023 годзе з нагоды біскупскага пасвячэння апостальскага нунцыя мансеньёра Жэрману Пенэматэ.
Завершыцца візіт у Экватарыяльнай Гвінеі – адной з самых каталіцкіх краін Афрыкі: каля 80% яго насельніцтва прытрымліваецца каталіцкай веры. Візіт Льва XIV працягне традыцыю, пачатую Янам Паўлам II, які наведваў краіну ў 1982 годзе. Ён прымеркаваны да 170-годдзя пачатку евангелізацыі краіны (1855-2025). Асаблівая ўвага будзе нададзена моладзі і сем’ям, што, паводле Дзяржсакратара, павінна распаліць полымя іх веры, нагадаць пра хрысціянскія каштоўнасці і станоўча паўплываць на грамадства.
На думку іерарха, апостальскае падарожжа Папы мае важнае дыпламатычнае значэнне, бо ўмацоўвае адносіны паміж Святым Пасадам і краінамі Афрыкі, спрыяе міру, дыялогу, абароне правоў чалавека і падтрымцы больш справядлівага грамадства.
Каментуючы ролю Касцёла ў пераадоленні такіх праблем Афрыкі, як беднасць, карупцыя і гвалт, кардынал Паралін адзначыў: католікі пакліканы адыгрываць вырашальную ролю не як простыя атрымальнікі паслання, а як актыўныя ўдзельнікі перамен у сваім жыцці, супольнасцях і ўстановах.