Прысяга Папскай швейцарскай гвардыі Прысяга Папскай швейцарскай гвардыі  (@VATICAN MEDIA)

Прысяга ў Ватыкане: Швейцарская гвардыя папоўніцца 28 рэкрутамі

6 мая 2026 года ў Ватыкане адбудзецца ўрачыстая прысяга 28 рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі – найстарэйшай арміі ў свеце, заснаванай у 1506 годзе Юліем II.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Цырымонія пройдзе ў 17:00 на Панадворку святога Дамаса ў прысутнасці Папы Льва XIV.

Па традыцыі прысяга прымеркавана да гадавіны трагічнай падзеі – так званага Рабавання Рыма (Sacco di Roma) у 1527 годзе, калі швейцарскія гвардзейцы ахвяравалі жыццямі, абараняючы Клімента VII ад войскаў імператара Карла V. 147 гвардзейцаў загінулі, а 42 здолелі выратаваць Пантыфіка і суправадзіць яго ў бяспечнае месца – замак святога Анёла.

Падчас прысягі рэкруты ўрачыста паабяцаюць верна, аддана і сумленна служыць Папу, абараняючы яго і яго пераемнікаў нават коштам уласнага жыцця. Гвардзейцы прысягаюць, паклаўшы руку на сцяг свайго вайсковага корпуса. Урачыстасць праходзіць у святочнай атмасферы: гвардзейцы будуць апрануты ў традыцыйную парадную форму “Gran Gala” з даспехамі – тую самую, што выкарыстоўваецца падчас благаслаўлення “Urbi et Orbi” на Божае Нараджэнне і Вялікдзень.

Напярэдадні, 5 мая, у ватыканскім касцёле Санта-Марыя-дэла-П’ета на Кампа-Санта-Тэўтоніка пройдзе малітва Нешпараў. Пасля яе адбудзецца ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод і ўскладанне вянка ў памяць пра загінулых гвардзейцаў.

Раніцай у дзень прысягі Дзяржаўны сакратар кардынал П’етра Паралін узначаліць Імшу для гвардзейцаў у Базіліцы Святога Пятра.

Цырымонія будзе трансліравацца ў прамым эфіры на афіцыйным сайце Швейцарскай гвардыі: www.guardiasvizzera.ch. На ёй будуць прысутнічаць афіцыйныя дэлегацыі Швейцарыі, у тым ліку прадстаўнікі федэральных уладаў, узброеных сіл і епіскапату. Ганаровым госцем стане кантон Тургаў.

Папская Швейцарская гвардыя знаходзіцца пад камандаваннем палкоўніка Крыстафа Графа. Яна адказвае за ахову Папы і яго рэзідэнцыі, кантроль доступу ў Ватыкан і Апостальскі палац, забеспячэнне парадку і выкананне прадстаўнічых функцый падчас папскіх цырымоній і аўдыенцый, а таксама за ахову Калегіі кардыналаў у перыяд вакантнага Святога Пасада. У склад корпуса ўваходзяць гвардзейцы з усіх рэгіёнаў Швейцарыі.

29 красавіка 2026, 10:38