Леў XIV пасля абрання Леў XIV пасля абрання  (AFP or licensors)

Адзінства вакол Хрыста: кардынал Кох пра курс Льва XIV

Кардынал Курт Кох падсумаваў першы год пантыфікату Льва XIV, акрэсліўшы яго галоўныя прыярытэты: хрыстацэнтрызм, касцельнае адзінства і адраджэнне духоўнай ідэнтычнасці Еўропы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні першай гадавіны абрання кардынала Роберта Прэвоста на Святы Пасад прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству даў інтэрв’ю выданню "France Catholique".

Касцельнае адзінства – гэта адлюстраванне Тройцы: розныя асобы ў глыбокай еднасці

Паводле слоў кардынала Курта Коха, Леў XIV перакананы, што Хрыстус павінен быць не проста сімвалам, а рэальным цэнтрам Касцёла. Толькі праз гэтую вертыкаль можна пераадолець унутраныя напружанасці і пабудаваць сапраўдную камунію, якая не з’яўляецца чалавечым кампрамісам.

Падзелены Касцёл страчвае аўтарытэт у свеце, таму ўнутранае прымірэнне з’яўляецца неабходнай умовай для паспяховага дыялогу з грамадствам і іншымі хрысціянамі.

Духоўны профіль Папы грунтуецца на спадчыне святога Аўгустына і эўхарыстычнай эклезіялогіі. Яго дэвіз "In illo uno unum" ("У Ім адзіным мы адзіныя) фактычна стаў праграмай цяперашняга пантыфікату: будаваць адзіны Касцёл, захаваўшы багацце яго розных праяў.

Вера ў Еўропе знаходзіцца пад пагрозай поўнага забыцця

Аналізуючы стан еўрапейскага кантынента, кардынал Кох перадаў занепакоенасць Святога Айца духоўным вакуумам, які ўтвараецца ў грамадстве. Калі вера перастае быць цэнтрам, Еўропа рызыкуе страціць сваю глыбінную сутнасць, ператварыўшыся ў тэрыторыю, аб’яднаную выключна матэрыяльнымі інтарэсамі.

Крызіс еўрапейскай ідэнтычнасці найбольш востра выяўляецца ў трансфармацыі правоў чалавека. Кардынал звярнуў увагу на небяспечны зрух: калі раней асновай было права на жыццё, то сёння на яго месца прыходзіць "права на забойства", што відавочна ў выпадку з эўтаназіяй.

У гэтым кантэксце галоўнай задачай Льва XIV застаецца вяртанне хрысціянскіх арыенціраў як адзінага сродку захавання чалавечай годнасці і еўрапейскай культуры.
 

18 красавіка 2026, 11:26