Пошук

Кардынал Кох: Бэнэдыкт XVI – сведка надзеі ў цёмныя часы

Бэнэдыкт XVI быў чалавекам вялікай надзеі, а значыць хрысціянінам-рэалістам, заўважыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 красавіка 2026 года кардынал Кох узначаліў святую Імшу з нагоды 99-й гадавіны нараджэння Ёзэфа Ратцынгера – Папы Бэнэдыкта XVI. Літургія прайшла ўвечары ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

У гаміліі іерарх нагадаў, што дзень нараджэння Ёзэфа Ратцынгера меў дзве асаблівасці. Першая – звязаная з тым, што ён нарадзіўся і атрымаў хрост у той жа самы дзень. Cам Папа лічыў гэты факт знакам асаблівай ласкі, бо змог практычна адразу стаць і членам сваёй уласнай сям’і, і членам вялікай сям’і Божай. Гэты досвед стаў ключом для яго разумення хрысціянскага жыцця як двайнога дару: атрыманага ад бацькоў, і ад Бога ў Касцёле, заўважыў кардынал Кох.

Другая асаблівасць дня нараджэння Бэнэдыкта XVI заключаецца ў тым, што 16 красавіка 1927 года была Вялікая субота, якая з пункту гледжання хрысціянскай веры з’яўляецца днём схаванасці і маўчання Бога ў гісторыі чалавецтва.

Кардынал Кох нагадаў, што на пакаленне Ёзэфа Ратцынгера выпалі трагічныя падзеі дзвюх сусветных войнаў, канцэнтрацыйных лагераў, бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, што дазволіла яму крытычна глядзець на небяспечныя з’явы ў сучасным грамадстве і Касцёле, заўважаць іх пагрозы і адкрыта казаць пра іх.

У той жа час, кіруючыся святлом веры, Бэнэдыкт XVI бачыў і светлы бок Вялікай суботы, бо ў гэты дзень Езус сышоў у адхланні, каб нават туды прынесці прысутнасць Бога і Яго любоў.

“Ёзэф Ратцынгер жыў гэтай таямніцай веры і абвяшчаў яе ўсё сваё жыццё. Таму ён не быў песімістам, але чалавекам вялікай надзеі, а значыць хрысціянінам-рэалістам”, - дадаў прапаведнік, падкрэсліваючы, што менавіта дзякуючы гэтай надзеі Бэнэдыкт XVI, як і апосталы, быў глыбока перакананы, што “трэба слухацца Бога больш, чым людзей”, і мужна сведчыў пра праўду, нягледзячы на абставіны.

“Сённяшні дзень нараджэння Папы Бэнэдыкта XVI з’яўляецца добрай нагодай, каб падзякаваць жывому Богу за жыццё і веру гэтага вялікага сведкі веры і выдатнага настаўніка веры на Пасадзе Пятра”, - сказаў кардынал Кох, заўважыўшы, што наша ўдзячнасць будзе сапраўднай толькі тады, калі мы будзем натхняцца яго сведчаннем і таксама прызнаем наша пакліканне сведчыць і несці людзям радаснае і поўнае надзеі пасланне Евангелля.
 

17 красавіка 2026, 10:13