Папа падчас малітоўнага чування ў інтэнцыі міру ў Ватыкане Папа падчас малітоўнага чування ў інтэнцыі міру ў Ватыкане  (@Vatican Media) Калонка рэдактара

Андрэа Тарніелі: Папы і войны ў сучасную эпоху

Перад абліччам разбуральнай сілы сучаснай зброі вельмі цяжка казаць, як гэта рабілася ў мінулыя стагоддзі, пра магчымасць “справядлівай вайны”, заўважыў у аўтарскай калонцы на партале “Vatican News” Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка

Яшчэ ў 1963 годзе Ян XXIII у “Pacem in terris” пісаў, што ў атамную эпоху амаль немагчыма ўявіць, што вайна можа лічыцца сродкам справядлівасці. У гэтым жа кірунку ідзе Леў XIV, які робіць мір адной з галоўных тэм свайго пантыфікату, нагадаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада

“У той час як зноў узнікаюць размовы пра “справядлівую вайну”, варта нагадаць вучэнне пра мір Пантыфікаў, якія змянялі адзін аднаго на Пасадзе святога Пятра ў апошнія сто гадоў. Гэтае вучэнне паступова ўзбагачалася і паглыблялася, прыходзячы да высновы, што магчымасць “справядлівай вайны” становіцца ўсё больш сумнеўнай. Разважанні, заснаваныя на тэалогіі мінулых стагоддзяў і магчымых апраўданнях вайны, не ўлічваюць таго, што калі тэолагі мінулага пісалі на гэтыя тэмы, войны вяліся мячамі і дубінамі, а не смяротнымі прыладамі і дронамі, якімі кіраюць машыны. Гэта факт, які адкрывае драматычныя маральныя пытанні. Сапраўды, усё больш узмацняецца ўсведамленне таго, што вайна не з’яўляецца шляхам, якім трэба ісці.

Ад ліста, які Бэнэдыкт XV скіраваў да ваюючых бакоў у 1917 годзе, назваўшы Першую сусветную вайну “бессэнсоўнай бойняй”, да спробаў Пія XII прадухіліць пачатак Другой сусветнай вайны; ад слоў Яна XXIII у “Pacem in terris”, у якой ужо ў 1963 годзе ён пісаў, што “амаль немагчыма думаць, што ў атамную эпоху вайна можа выкарыстоўвацца як сродак справядлівасці”, да воклічу Паўла VI ў ААН – “Ніколі больш вайны” і да не пачутых спробаў Яна Паўла II прадухіліць трагічныя канфлікты на Блізкім Усходзе – Наступнікі Пятра не пераставалі ўздымаць свой голас, адзначаны прароцтвам і рэалізмам, але, на жаль, найчасцей не пачуты.

Асноўным тэкстам застаецца у першую чаргу Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які прызнае права на законную абарону, але ўстанаўлівае “строгія ўмовы” нават для абарончай вайны: “Неабходна адначасова: каб шкода, якую агрэсар наносіць нацыі або супольнасці нацый, была доўгачасовай, цяжкай і бясспрэчнай; каб усе іншыя сродкі пакласці ёй канец аказаліся нерэальнымі або неэфектыўнымі; каб існавалі сур’ёзныя магчымасці поспеху; каб ужыванне зброі не прывяло да яшчэ большага зла і беспарадку, чым тое зло, якое трэба спыніць. Магутнасць сучасных сродкаў разбурэння мае вялізарнае значэнне пры рашэнні аб тым, ці існуе гэта апошняя ўмова”. Хто можа адмаўляць, што чалавецтва сёння знаходзіцца на краі прорвы менавіта з-за эскалацыі канфліктаў і магутнасці “сучасных сродкаў разбурэння”?

“Не” вайне з усё большай настойлівасцю паўтаралася таксама падчас пантыфікату Папы Францішка, які ў энцыкліцы “Fratelli tutti” пісаў: “Вайну можна лёгка выбраць, спасылаючыся на разнастайныя нібыта гуманітарныя, абарончыя і прэвентыўныя апраўданні і нават звяртаючыся да маніпуляцый інфармацыяй. Фактычна, у апошнія дзесяцігоддзі кожная вайна нібыта была “апраўдана”. [...] Справа ў тым, што з распрацоўкай ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, а таксама з развіццём велізарных і ўсё нарастаючых магчымасцяў, якія прадстаўляюць новыя тэхналогіі, вайне дадзена некантралюемая разбуральная сіла, якая закранае вялікую колькасць нявінных грамадзянскіх асобаў. Сапраўды, “чалавецтва ніколі не мела такой улады над сабою і не мае гарантыі, што добра яе выкарыстае”. Таму мы больш не можам разглядаць вайну як рашэнне, бо рызыкі, верагодна, заўсёды будуць большыя, чым гіпатэтычныя перавагі, якія ёй прыпісваюць. У сувязі з гэтым у наш час вельмі складана спасылацца на рацыянальныя крытэрыі, выпрацаваныя ў папярэднія стагоддзі, каб казаць пра магчымасць “справядлівай вайны”. Ніколі больш вайны!”.

Яго наступнік Леў XIV зрабіў мір адной з галоўных тэм свайго пантыфікату: перад абліччам вар’яцтва эскалацыі ваенных дзеянняў і празмерных выдаткаў на ўзбраенне ён з такім жа рэалізмам і прароцкім бачаннем працягвае шлях, адкрыты папярэднікамі, заклікаючы да міру, дыялогу і перамоваў. Забойствы мірных жыхароў, здзейсненыя ў апошнія гады, узрушваюць сумленне мільярдаў людзей ва ўсім свеце, якія звяртаюць позірк да Біскупа Рыма. Папа Леў, як і Езус у Гефсеманіі, настойліва заклікае ўкласці меч у ножны: “Усюды гучаць пагрозы, а не заклікі да слухання і сустрэчы”, - сказаў ён падчас малітоўнага чування ў суботу 11 красавіка. Тлумачачы, што “той, хто моліцца, усведамляе свае межы, не забівае і не пагражае смерцю. Наадварот, рабом смерці становіцца той, хто адвярнуўся ад жывога Бога, каб зрабіць сябе і сваю ўладу нямым, сляпым і глухім ідалам, якому прыносіць у ахвяру усе каштоўнасці і патрабуе, каб увесь свет укленчыў перад ім. Досыць ідалапаклонства сабе і грошам! Досыць дэманстрацыі сілы! Досыць вайны! Сапраўдная моц праяўляецца ў служэнні жыццю”, - нагадаў Андрэа Тарніелі.
 

15 красавіка 2026, 15:19