Пошук

Прапаведнік Папскага дома, айцец Раберта Пазаліні Прапаведнік Папскага дома, айцец Раберта Пазаліні  (@VATICAN MEDIA)

Сведчанне замест празелітызму: трэцяе велікапоснае казанне

У аснове евангелізацыі ляжыць асабістае навяртанне і глыбокі досвед Бога, а яе плёнам становіцца не празелітызм, а сустрэча, дыялог і сведчанне, падкрэсліў прапаведнік Папскага дома, айцец Раберта Пазаліні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 сакавіка 2026 года Леў XIV, кіраўнікі і супрацоўнікі структур Рымскай курыі сабраліся ў ватыканскай Зале Паўла VI, каб выслухаць трэцяе велікапоснае казанне прапаведніка Папскага дома. Яно было прысвечана тэме абвяшчэння Евангелля.

Навяртанне, братэрства і місія

Айцец Пазаліні заўважыў, што падчас двух папярэдніх казанняў гаворка ішла пра навяртанне святога Францішка і, як наступства, – яго адкрытасць на жыццё ў братэрстве. “Трэцяя медытацыя запрашае нас зрабіць наступны крок. Навяртанне і братэрства не з’яўляюцца канчатковым пунктам: яны знаходзяць сваё спаўненне ў місіянерстве”, - сказаў ён.

Крыніца сапраўднага абвяшчэння

Капуцын заўважыў, што жаданне святога Францішка і яго паслядоўнікаў абвяшчаць Евангелле і дзяліцца атрыманымі духоўнымі дарамі стала плёнам іх глыбокага малітоўнага жыцця і разважання над Божым словам, бо “немагчыма па-сапраўднаму расказаць пра тое, што яшчэ не пусціла каранёў у нашым уласным жыцці”.

“Святы Францішак ведаў падступную спакусу казаць правільныя словы, не дазволіўшы ім спачатку перамяніць нас, пераказваць іншым тое, што яшчэ не ўцелавілася ў нас”, - дадаў ён.

Хрыстус – у цэнтры сведчання

Прапаведнік адзначыў, што евангелізаваць не значыць добра казаць пра Хрыста ці пераконваць эфектыўнымі словамі. “Спачатку Хрыстус павінен заняць месца ў нас саміх – у маўчанні, цішыні, штодзённых выбарах. І толькі потым Ён можа аб’явіцца звонку – у нашых жэстах і ў тым, як мы ўзаемадзейнічаем з іншымі”, - сказаў манах.

Не празелітызм, а прываблівасць

Айцец Пазаліні звярнуў увагу на тое, што святы Францішак і яго паплечнікі ішлі да людзей у сціпласці і беднасці, прызнаючы тое добрае, што ў іх ужо здзейсніў Бог” – “не як тыя, хто навязвае новы абавязак, але як тыя, хто хоча падзяліцца радасцю, хто паказвае прыгожы далягляд, прапануе жаданую гасціну”, бо “Касцёл пашыраецца не дзякуючы празелітызму, але дзякуючы прываблівасці”.

Слухаць, каб сведчыць

Па словах прапаведніка, павага Францішка да людзей і прызнанне ў іх прысутнасці Бога рабілі магчымым сапраўдны дыялог. “Гаворка не ідзе пра тое, каб умець размаўляць, але ў першую чаргу пра тое, каб умець слухаць. А калі надыходзіць слушны момант – умець перадаваць словы надзеі, якія паходзяць ад Бога”, - дадаў ён.

“Евангелізаваць не значыць запаўняць цішыню адказамі, але суправаджаць людзей, пакуль яны не змогуць распазнаць і выразіць пытанні, што адкрыюць іх жыццё на Хрыстовае збаўленне”, - сцвердзіў айцец Пазаліні.

Патрэба асабістага навяртання

Капуцын звярнуў увагу на патрэбу місіянераў у пастаянным асабістым навяртанні, бо калі “словы нараджаюцца з рэальнага досведу, яны дасягаюць іншых”, а калі “застаюцца абстрактнымі і агульнымі, не пераконваюць нікога”, нават нас саміх.

Сустрэча, якая мацнейшая за вынік

Прапаведнік нагадаў таксама пра падарожжа святога Францішка да егіпецкага султана, які застаўся ўражаны паставай, сціпласцю і безабароннасцю Асізскага Бедачыны.

І хоць вынікам гэтай пілігрымкі не стала навяртанне султана, здарыўся іншы “цуд”: пасярод вайны два чалавекі знайшлі магчымасць па-сапраўднаму сустрэцца і развітацца ў міры. “Францішак вярнуўся без бачных вынікаў, але з глыбокай упэўненасцю ў тым, што Евангелле абвяшчаецца не для таго, каб перамагчы, але каб сустрэць іншага”, “пакідаючы адметнасці як прастору, у якой Бог працягвае дзейнічаць у сэрцы кожнага”.

Пакора як умова плёну

“Абвяшчэнне Хрыста з пазіцыі перавагі і кантролю рызыкуе стаць здрадай таму Евангеллю, якое мы хацелі б перадаваць”, - сказаў айцец Пазаліні, падкрэсліваючы, што менавіта пакора і сціпласць Францішка і яго паплечнікаў зрабілі плённым абвяшчэнне Евангелля.

“Калі мы не навязваем сябе, але пакідаем прастору, можа адбыцца нешта ў іншых, але таксама і ў нас. Бо кожнае стварэнне, калі прымаецца, а не прымушаецца, можа праявіць дабро, якое носіць у сабе – тое дабро, у якім, схаваным чынам, ужо прысутнічае таямніца Хрыста”, - завяршыў казанне прапаведнік Папскага дома.
 

20 сакавіка 2026, 10:08