Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Будучыня ШІ: Святы Пасад за чалавекацэнтрычны падыход

У Ватыкане абмеркавалі стварэнне глабальнай сістэмы кіравання штучным інтэлектам, якая павінна грунтавацца на этыцы і служэнні чалавеку, а не на ваенных ці камерцыйных інтарэсах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пытанне кантролю над штучным інтэлектам (ШІ) становіцца адным з ключавых прыярытэтаў Пантыфікату Папы Льва XIV. Падчас семінара, арганізаванага Сакратарыятам па эканоміцы і Упраўленнем працы Апостальскай Сталіцы (ULSA), эксперты падкрэслілі, што Святы Пасад, не маючы камерцыйных або мілітарных амбіцый, валодае ўнікальным маральным аўтарытэтам для стварэння незалежнай платформы дыялогу.

Касцёл як прастора этычнага праектавання тэхналогій

Сакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі арцыбіскуп Пол Тай адзначыў, што развіццё тэхналогій не адбываецца ў нейтральнай прасторы. Паводле яго слоў, пры адсутнасці міжнароднага рэгулявання дзяржавы імкнуцца да тэхналагічнай перавагі, асабліва ў ваеннай сферы, часта ігнаруючы бяспеку дзеля фінансавых выгод.

Арцыбіскуп прывёў прыклад ціску на амерыканскую кампанію "Anthropic", якую прымушалі змякчыць этычныя абавязацельствы дзеля ваенных патрэб.

Для апісання сучаснага стану свету пасля з’яўлення "ChatGPT", іерарх выкарыстаў акронім VUCA: зменлівасць, няпэўнасць, складанасць і неадназначнасць. Ён папярэдзіў пра рэальныя пагрозы – ад дэзінфармацыі да сістэм, якія выходзяць з-пад кантролю чалавека.

Небяспека страты крытычнага мыслення і ўлады над жыццём

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы звярнулі на псіхалагічныя і грамадскія рызыкі. Перавагай ШІ часта называюць здольнасць прыбіраць "лішнія намаганні" з нашага жыцця.

Гэта метафара, якая мае глыбокі сэнс: напрыклад, праграма для знаёмстваў пазбаўляе чалавека працы і ўнутранага пошуку, неабходных для сустрэчы з сапраўдным каханнем. "Але робячы жыццё максімальна гладкім, мы аддаём частку ўласнай улады алгарытмам", - папярэдзіў айцец Паола Бенанцы, прафесар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта.

На думку экспертаў, мадэлі штучнага інтэлекту часта "падлашчваюцца" пад карыстальніка, ствараючы "галюцынацыі" – адказы, якія чалавек чакае пачуць, а не тыя, што з’яўляюцца праўдзівымі. Гэта стварае пагрозу для адукацыі і духоўнасці, калі чалавек страчвае здольнасць да крытычнай ацэнкі.

Падсумоўваючы дыскусію, намеснік дырэктара па рэдакцыйных пытаннях Дыкастэрыі па камунікацыі Алесандра Джызоці нагадаў пра заклік Папы Льва XIV развіваць медыяадукацыю. Ён падкрэсліў, што штучны інтэлект павінен заставацца толькі "падтрымкай" для чалавечай дзейнасці, а яго вынікі заўсёды патрабуюць верыфікацыі.
 

03 сакавіка 2026, 09:08