Арцыбіскуп Тыбо Верні, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх Арцыбіскуп Тыбо Верні, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх 

Абарона непаўналетніх: вынікі Пленарнай асамблеі ў Ватыкане

Папская камісія па абароне непаўналетніх завяршыла вясновую асамблею ў Рыме, засяродзіўшыся на ўдзеле ахвяр у распрацоўцы палітыкі і ўкараненні ўніверсальных норм бяспекі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

20 сакавіка 2026 года ў Рыме пасля пяці дзён інтэнсіўных дыскусій завяршылася Пленарная асамблея Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Як адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе, галоўная ўвага была ўдзелена ўзмацненню ролі ахвяр гвалту, пераглядзе глабальных стандартаў бяспекі і паглыбленню супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях Касцёла. Удзельнікі выказалі глыбокую ўдзячнасць Льву XIV за яго лідарства ў пацвярджэнні місіі па абароне годнасці кожнага дзіцяці і ўразлівай асобы.

Голас ахвяр як цэнтральны арыенцір

Падчас пасяджэнняў Камісія разгледзела працэдуры, заснаваныя на працы з траўмай, каб забяспечыць іх паслядоўнасць ва ўсіх рэгіёнах. Удзельнікі падкрэслілі, што сведчанні тых, хто перажыў злоўжыванні, павінны сістэматычна ўплываць на распрацоўку касцельнай палітыкі і навучанне.

Згодна з пазіцыяй Камісіі, узаемадзеянне з ахвярамі і іх сем’ямі з’яўляецца не ізаляваным аспектам, а цэнтральным пунктам для кожнага дзеяння. Нядаўнія паведамленні СМІ аб злоўжываннях сталі балючым напамінам аб сур’ёзных памылках мінулага, якія Камісія прымае з рашучасцю і імкненнем забяспечыць падсправаздачнасць і празрыстасць.

Значная частка часу была прысвечана Універсальным рамачным рэкамендацыям. Члены Камісіі працавалі над тым, каб зрабіць гэтыя нормы больш даступнымі і культурна адаптаванымі для рознага кантэксту.

Канчатковы тэкст дакумента плануецца прадставіць Льву XIV пазней, але яшчэ ў 2026 годзе. Гэты інструмент павінен даць мясцовым Касцёлам практычныя сродкі, заснаваныя як на Евангеллі, так і на прафесійных стандартах.

Падтрымка мясцовых супольнасцей і лічбавыя выклікі

На асамблеі падвялі вынікі развіцця ініцыятывы “Memorare”, якая зараз ахоплівае 18 мясцовых Касцёлаў у Азіі, Акіяніі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Гэты праект дапамагае наладжваць сістэмы справаздачнасці і рыхтаваць спецыялістаў там, дзе бракуе рэсурсаў.

Таксама Камісія разгледзела працу над штогадовымі справаздачамі, якія становяцца важным інструментам падсправаздачнасці Касцёла перад грамадствам.

Асобную ўвагу надалі новым пагрозам, у прыватнасці – гвалту ў інтэрнэце. Як заўважыў у сваім звароце Леў XIV, лічбавая бяспека павінна стаць прыярытэтам, бо маштабы злоўжыванняў у сеціве ва ўсім свеце патрабуюць ад Касцёла хуткай і прафесійнай рэакцыі.
 

21 сакавіка 2026, 10:20