Пошук

Кветкі на плошчы святога Пятра ў Вялікдзень, 22 сакавіка 2024 года Кветкі на плошчы святога Пятра ў Вялікдзень, 22 сакавіка 2024 года  

Ватыкан рыхтуецца да Вялікадня: кветкі на плошчы і ў базіліцы

На Вялікі тыдзень 2026 года Плошча Святога Пятра і ватыканская базіліка будуць упрыгожаныя тысячамі раслін і кветак, якія прыбудуць з Нідэрландаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Фларыстычнае афармленне Плошчы і Базілікі Святога Пятра выканаюць спецыялісты ватыканскай Службы садоў і навакольнага асяроддзя Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

У Пальмовую нядзелю, 29 сакавіка 2026 года, на плошчы перад саборам плануецца раздаць 120 пальмавых галін і 120 тысяч аліўкавых галінак, якія ахвяруе італьянская асацыяцыя “Гарады алею” (Умбрыя).

Неакатэхуменальны рух ахвяраваў шматлікія галіны фінікавай пальмы, раздачу якіх на плошчы арганізуе Служба папскіх літургічных цэлебрацый.

Не будзе недахопу і ў традыцыйных “пальмурэлах” з Сан-Рэма – доўгіх, па-майстэрску сплеценых пальмавых лістоў, якія вырабляюцца ўручную. 24 сакавіка у катэдральным саборы Сан-Сіра іх асвяціў вікарый Дыяцэзіі Венцімілья - Сан-Рэма, мансінёр Антоніа Арнальдзі.

Кветкавым афармленнем Базілікі Святога Пятра для велікоднай вігіліі зоймуцца ватыканскія майстры ў супрацоўніцтве з выкладчыкамі фларыстыкі з Славеніі.

У Вялікдзень, 5 красавіка, Плошча Святога Пятра ператворыцца ў квітнеючы сад з тысячамі раслін і кветак, якія прыбудуць з Нідэрландаў. Рознакаляровыя кампазіцыі будуць створаны галандскімі і ватыканскімі фларыстамі, пад кіраўніцтвам Піта ван дер Бурга. Сёлета гэтай традыцыі спаўняецца сорак гадоў.

Для афармлення будуць выкарыстаныя 65 000 цюльпанаў, нарцысаў і гіяцынтаў; 220 белых і аранжавых фіялак; 7 800 іншых кветак, сярод якіх ружы, дэльфініумы, антурыумы, хрызантэмы, герберы і маціёлы; 600 галін пёрыстай спаржы; 80 азалій; а таксама 600 доўгіх галін вярбы, эўкаліпта і іншых раслін.

Перад адпраўкай у Рым кветкі асвеціць біскуп Ратэрдама Ханс ван дэн Хендэ, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Нідэрландаў. Абрад пройдзе 31 сакавіка ў кветкавым парку “Keukenhof” у Лісе.

27 сакавіка 2026, 13:55