Пошук

Сустрэча ў “Зале Марконі”. Злева направа: кардынал дэ Мендонса, Франчэска Лалабрыджыда, Алесандра Джызоці Сустрэча ў “Зале Марконі”. Злева направа: кардынал дэ Мендонса, Франчэска Лалабрыджыда, Алесандра Джызоці 

Леў XIV сустрэнецца з алімпійцамі ў Ватыкане

Леў XIV прыме на аўдыенцыі італьянскіх алімпійцаў і паралімпійцаў. Пра гэта паведаміў кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса падчас дыскусіі аб хрысціянскіх каштоўнасцях у спорце.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Сустрэча Пантыфіка з атлетамі прызначана на чацвер 9 красавіка 2026 года. Анонс гэтай падзеі адбыўся ў “Зале Марконі” Палаца Піа, сядзібе СМІ Святога Пасада, падчас прэзентацыі папскага паслання “Жыццё ў поўні” (La vita in abbondanza).

Кардынал Таленціну дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, падкрэсліў, што гэты прыём стане сапраўдным святам, праз якое Папа хоча сімвалічна абняць усіх спартсменаў свету як сведак гуманізму і міру.

Спорт – гэта не проста пагоня за поспехам, а паўната жыцця, якая яднае цела, адносіны і дух.

Галоўнай гераіняй сустрэчы ў Ватыкане стала італьянка Франчэска Лалабрыджыда, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па канькабежным спорце. Яна падзялілася кранальнай гісторыяй свайго шляху “мамы-атлеткі”, які пачаўся ў 2023 годзе і прывёў да залатых медалёў на Гульнях у Мілане-Карціне. Спартсменка прызналася, што яе поспех быў бы немагчымы без падтрымкі блізкіх і веры ў тое, што ніводная вяршыня не дасягаецца ў адзіночку.

Асаблівую ўвагу падчас размовы надалі паняццю мяжы. Кардынал нагадаў словы Льва XIV аб тым, што чалавечая слабасць ці абмежаванасць – гэта не тупік, а “парог, на якім трэба жыць”.

Менавіта ўсведамленне ўласных меж робіць намаганні значнымі, а прагрэс – зразумелым. Лалабрыджыда пацвердзіла гэта ўласным вопытам, узгадаўшы, як пасля цяжкай хваробы перад Алімпіядай ёй прыйшлося літаральна прымушаць сябе вярнуцца на лёд, пераадольваючы знявер’е.

Сапраўдная перамога – гэта не рэкорды, а здольнасць не здавацца і ісці разам з іншымі.

У фінале сустрэчы была прадстаўлены сімвалічны “Кубак апошніх”. Гэтая ініцыятыва супольнасці “Athletica Vaticana” будзе рэалізавана падчас Рымскага марафону 22 сакавіка. Узнагароду атрымае не той, хто прыбег першым, а той, хто праявіў найбольшую стойкасць і годнасць, фінішуючы далёка ад святла пражэктараў. Гэта ідэальна сугучна з думкай Папы аб тым, што культура спорту павінна быць вольнай ад логікі спажывання і пустой відовішчнасці.

 

18 сакавіка 2026, 09:39