Пошук

У Ватыкане адзначылі гадавіну заснавання Дома святой Марты

25 сакавіка 2026 года, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у Ватыкане адсвяткавалі 30-годдзе заснавання Дома святой Марты, які падчас пантыфікату Францішка служыў яго пастаяннай рэзідэнцыяй.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Гадавіну адзначылі святой Імшой, якую ўзначаліў кардынал Анджэла Ачэрбі. Канцэлебраваў кіраўнік Ватыканскіх дамоў (Domus Vaticanae) айцец Андрэа Рыпа, жыхары дамоў і госці, у тым ліку сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Дырэктар Domus Vaticanae айцец Марыё Лейтэ дэ Алівейра падкрэсліў, што Дом святой Марты быў створаны не як будынак, а як “месца братэрства”, дзе кожны адчувае сябе “як дома”. Гэты дом – бачны знак увагі Святога Айца да святароў, “сваіх паплечнікаў і братоў у служэнні". Ён нагадаў, што ідэя заснавання Дома належыла Яну Паўлу ІІ, яго развіццё працягвалася пры Бэнэдыкце XVI і Францішку, які жыў там увесь свой пантыфікат. Леў XIV таксама запэўніў удзельнікаў урачастасці ў сваёй духоўнай блізкасці.

У гаміліі кардынал Ачэрбі звярнуў увагу на духоўны сэнс урачыстасці Звеставання Пана, падкрэсліўшы, што адказ Марыі анёлу служыць узорам паслухмянасці Божай волі. Ён заклікаў прысутных быць шчодрымі ў адказе на атрыманае пакліканне, паслухмянымі Богу і заўсёды выконваць Яго волю.

Гісторыя Дома святой Марты

Леў XIII заснаваў Папскі гасцявы дом святой Марты (Pontificium Hospitium Sanctae Martae) у 1891 годзе. Пазней, у 1976 годзе, святы Павел VI заснаваў Міжнародны дом духавенства і Рымскі дом духавенства. У 2008 годзе Бэнэдыкт XVI дадаў да іх Дом cвятога Бэнэдыкта, а ў 2022 годзе Францішак аб’яднаў усе гэтыя структуры ў адзіную – Domus Vaticanae (Ватыканскія дамы).

27 сакавіка 2026, 10:41