Ватыкан: новы сімвал абароны стварэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
6 сакавіка 2026 года італьянскія спецыялісты з Нацыянальнай асацыяцыі аграномаў і лесаводаў зрабілі асаблівы падарунак Папу Льву XIV. На алеі Радыё высадзілі адну з найстарэйшых лекавых раслін свету. Гэта стала працягам лістападаўскай сустрэчы Пантыфіка з эколагамі, дзе ён нагадаў: зямля з'яўляецца дарам, а не матэрыялам для бязлітаснай эксплуатацыі.
Падчас цырымоніі арцыбіскуп Эміліа Напа, генеральны сакратар Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, звярнуў увагу на трагічныя наступствы фінансавага эгаізму, маючы на ўвазе спусташэнне прыроды. Арцыбіскуп Фернанда Чыка Арэльяна, прадстаўнік Святога Пасада пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый, дадаў, што пасадка дрэва з'яўляецца сімвалам барацьбы з абязлесеннем і апустыньваннем на планеце. Старшыня асацыяцыі Маўра Уніформі падкрэсліў, што гэты жэст увасабляе імкненне ператварыць словы Папы ў канкрэтныя дзеянні па абароне прыроды.
Дрэва гінкга білоба ідэальна падыходзіць для такой місіі. Расліна, продкі якой існавалі больш за 200 мільёнаў гадоў таму, здолела перажыць нават ядзерны выбух у Хірасіме. Сёння яна гарманічна супрацьстаіць гарадскому забруджванню, застаючыся ўвасабленнем памяці і душы, здольнай квітнець пасля татальнага разбурэння.