Ватыканская футбольная каманда Ватыканская футбольная каманда 

Зборная Ватыкана на баварскім полі: футбол дзеля дабрачыннасці

Зборная Ватыкана, у якую ўвайшлі швейцарскія гвардзейцы і супрацоўнікі Рымскай курыі, сустрэнецца ў Баварыі з інтэрнацыянальнай камандай былых зорак футбола ў межах дабрачыннай акцыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спартыўны азарт і хрысціянская салідарнасць аб’яднаюцца 17 красавіка 2026 года на стадыёне ў Дылінгене-на-Дунаі. Як паведаміла Аўгсбургская дыяцэзія, ватыканская зборная правядзе таварыскі матч супраць каманды экс-прафесіяналаў, сярод якіх – былы брамнік нямецкай зборнай Цім Візэ. Усе сабраныя сродкі будуць перададзены фондам дапамогі хворым дзецям.

Спартыўная сустрэча пройдзе пад патранатам біскупа Бертрама Маера і прэм’ер-міністра Баварыі Маркуса Зёдэра.

Склад ватыканскай каманды традыцыйна ўнікальны: гонар Дзяржавы будуць абараняць швейцарскія гвардзейцы, супрацоўнікі Папскіх музеяў і прадстаўнікі адміністрацыі Святога Пасада. Супрацьстаяць ім будуць вядомыя ў мінулым футбалісты, такія як Андрэас Ібертсбергер, Карым Матмур і Волкан Яман. Арбітрам сустрэчы выступіць Фелікс Брых, які ў мінулым прызнаваўся найлепшым суддзёй свету.

Нягледзячы на актыўнае футбольнае жыццё, Ватыкан не з’яўляецца членам ФІФА ці УЕФА, таму яго зборная не ўдзельнічае ў чэмпіянатах свету і Еўропы. Аднак унутры дзяржавы існуе ўласная ліга, што аб’ядноўвае каля дзесяці каманд ад розных устаноў – ад жандармерыі да семінарый.

У мінулым сезоне каманда Апостальскага архіва ўпэўнена перамагла прадстаўнікоў аптэкі "Farmacia" з лікам 7:2. Будучая ж гульня ў Паўднёвай Германіі стане чарговым пацвярджэннем таго, што футбол для Ватыкана – гэта перш за ўсё важная пляцоўка для дыялогу і падтрымкі тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.
 

24 сакавіка 2026, 09:38