Уваход у залу пасяджэнняў Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан Уваход у залу пасяджэнняў Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан 

Працэсуальная перазагрузка: апеляцыйны суд у Ватыкане працягваецца

Апеляцыйны суд Ватыкана прызнаў частковую несапраўднасць рашэння першай інстанцыі ў справе аб фінансавых махінацыях і загадаў аднавіць судовы разбор для забеспячэння правоў на абарону.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Суд пад старшынствам арцыбіскупа Алехандра Арэльяна абвясціў пастанову, якая кардынальна змяняе ход працэсу ў другой інстанцыі.

Згодна з рашэннем, апублікаваным 17 сакавіка 2026 года, патрабуецца “аднаўленне судовага разбіральніцтва”. Гэта азначае, што некаторыя працэсуальныя крокі, такія як допыт асобных сведак або ацэнка пэўных доказаў, будуць паўтораны непасрэдна ў Апеляцыйным судзе.

Суд абраў шлях максімальных працэсуальных гарантый, каб выправіць крытычныя заўвагі, выказаныя адвакатамі.

Гэты крок стаў адказам на хадайніцтвы абаронцаў дзесяці абвінавачаных, сярод якіх кардынал Джавані Анджэла Бэчу. Адвакаты аспрэчвалі прысуд ад 16 снежня 2023 года, спасылаючыся на сур’ёзныя працэсуальныя хібы. Суд пагадзіўся з часткай гэтых прэтэнзій, прызнаўшы “адносную несапраўднасць” папярэдняга этапу, паведамляе Сальваторэ Чэрнуцыо з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”. Пры гэтым падкрэсліваецца, што агульная моц рашэнняў першай інстанцыі захоўваецца, а адказнасць ужо апраўданых асоб не можа быць перагледжана.

Адным з ключавых патрабаванняў суда стала забеспячэнне поўнай празрыстасці. Бюро Прамотара справядлівасці, які ўзначальвае Алесандра Дзідзі, загадана да 30 красавіка 2026 года прадставіць у канцылярыю поўныя версіі ўсіх актаў і дакументаў следства. Раней абарона скардзілася на тое, што атрымала матэрыялы з шматлікімі купіраваннямі, што абмяжоўвала магчымасці для паўнавартаснай абароны.

Новы графік працэсу прадугледжвае час для азнаямлення з матэрыяламі да сярэдзіны чэрвеня 2026.

У цэнтры дыскусіі таксама апынуліся чатыры папскія рэскрыпты, выдадзеныя Францішкам, якія пашыралі паўнамоцтвы следства. Суд адхіліў заявы аб парушэнні міжнародных нормаў права, паколькі Ватыкан не з’яўляецца падпісчыкам Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Аднак было прызнана, што несвоечасовая публікацыя гэтых дакументаў магла паўплываць на легітымнасць некаторых следчых дзеянняў.

Наступнае пасяджэнне прызначана на 22 чэрвеня 2026 года.
 

18 сакавіка 2026, 09:14