Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача Арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача  

Дыпламатычныя змены: новы нунцый у ЗША

7 сакавіка 2026 года Леў XIV прызначыў арцыбіскупа Габрыэле Джардана Качу апостальскім нунцыем у Злучаных Штатах Амерыкі. На гэтай пасадзе ён зменіць 80-гадовага кардынала Крыстофа П’ера.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Да гэтага часу ватыканскі дыпламат італьянскага паходжання выконваў абавязкі пастаяннага назіральніка Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Яго папярэднік, французскі іерарх, 30 студзеня 2026 года адзначыў свой юбілей, у сувязі з чым Пантыфік прыняў яго адстаўку з прычыны дасягнення ўзроставага ліміту.

Арцыбіскуп Кача прызнаўся, што прымае прызначэнне з радасцю і хваляваннем. Ён лічыць глыбокім гонарам прадстаўляць Святы Пасад у краіне і мясцовым Касцёле, дзе нарадзіўся і вырас сам Папа Леў XIV.

Гэтае служэнне супала з важнай гістарычнай вяхой – 250-й гадавінай заснавання Злучаных Штатаў. Іерарх ужо паспеў адчуць цеплыню і адкрытасць амерыканскага народа, а таксама мясцовых інстытутаў падчас сваёй шматгадовай працы ў Нью-Ёрку.

Габрыэле Джардана Кача нарадзіўся ў Мілане 24 лютага 1958 года і атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1983 годзе з рук кардынала Карла Марыі Марціні. Пасля вучобы ў Рыме, дзе ён абараніў дактарат па тэалогіі, святар пачаў працу ў дыпламатычнай службе Святога Пасада. Ён паспеў папрацаваць у Танзаніі і Дзяржсакратарыяце. Пазней Бэнэдыкт XVI прызначыў яго нунцыем у Ліване, а Францішак даручыў яму ўзначаліць прадстаўніцтва на Філіпінах і пазней – у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
 

07 сакавіка 2026, 12:26