У Касцёле абмяркоўваюць ролю жанчын: апублікавана справаздача Сінода
Марыя Валодзіна - Vatican News
10 сакавіка 2026 года Святы Пасад прадставіў справаздачу рабочай групы нумар 5, створанай у рамках Сінода Біскупаў па сінадальнасці для разгляду пытання аб удзеле жанчын у жыцці і кіраўніцтве Касцёла.
Дакумент падзелены на тры часткі. У першай частцы апісваюцца гістарычныя і метадалагічныя этапы падрыхтоўкі выніковай справаздачы.
Другая частка справаздачы, асноўная, прапануе падрабязны агляд тэм, якія ўзніклі ў выніку сінадальных разважанняў і абмеркаванняў. Адна з галоўных тэм тычыцца таго факту, што пытанне ўдзелу жанчын трэба разглядаць разам з пытаннем удзелу мужчын, бо яны маюць агульную місію ў Касцёле. Гэта значыць, што варта перагледзець некаторыя сферы адказнасці святарскага служэння. Святар, як знак Хрыста і крыніца ўсякай ласкі, не стаіць вышэй за іншых. Ён з'яўляецца кіраўніком Касцёла таму, што "мае сілу праліваць ласку на ўсіх членаў Касцёла". Улада ў Касцёле разумеецца як служэнне народу Божаму, а не панаванне. Такім чынам, перагляд сфер кампетэнцыі можа адкрыць новыя магчымасці для ўдзелу жанчын. Напрыклад, супольнасці могуць узначальваць як мужчыны, так і жанчыны, як свецкія, так і кансэкраваныя.
Другая важная тэма тычыцца паўторнага адкрыцця харызматычнага аспекту ролі жанчын у Касцёле. Аўтары справаздачы адзначаюць, што ў Касцёле ёсць не толькі афіцыйныя харызматы, але і ролі, якія не ўстаноўлены абрадам, але фактычна існуюць і “выконваюцца стабільна”. Гэтыя ролі квітнеюць на карысць усёй супольнасці і адказваюць на рэальныя патрэбы народа Божага. Калі прытрымлівацца толькі афіцыйнага служэння, удзел жанчын у кіраўніцтве Касцёлам можа быць абмежаваным. Харызмы ж дазваляюць жанчынам дзейнічаць шырэй і дасягаць тых месцаў і людзей, куды звычайныя структуры Касцёла не дасягаюць. Такія харызмы – не суб'ектыўныя ці маргінальныя рэаліі, а сапраўдныя дары перад тварам шматлікіх надзённых патрэб людзей.
Трэцяя частка справаздачы ўключае ў сябе некалькі дадаткаў. У іх больш падрабязна разглядаюцца тэалагічныя, пастырскія і кананічныя пытанні другой частцы. У дадатках таксама можна знайсці прапановы, прадстаўленыя рабочай групе нумар 5. Прыводзяцца таксама прыклады жанчын з Бібліі і гісторыі Касцёла, сучасныя сведчанні жанчын, якія ўдзельнічаюць у кіраўніцтве касцёльнымі супольнасцямі, дадаткі “Марыйны прынцып і Пятровы прынцып", "Касцёльная ўлада", і дадатак, прысвечаны ўкладу сучасных Пап у разуменне ролі жанчын у Касцёле.