Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Справаздачы Сінода: выклікі палігаміі і адказ на крык бедных і Зямлі

Сінадальны Касцёл, здольны слухаць і быць побач з людзьмі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, імкнецца адказваць на выклікі сучаснасці. Апублікаваны дзве важныя справаздачы Сінода Біскупаў, прысвечаныя крыку бедных і Зямлі, а таксама праблеме палігаміі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў апублікаваў канчатковыя справаздачы даследчай групы № 2 і камісіі афрыканскіх біскупаў, прысвечаныя душпастырскім выклікам, звязаным з палігаміяй, а таксама крыку бедных і Зямлі.

Крык бедных і Зямлі

Справаздача даследчай групы №2 прапануе комплекснае бачанне таго, як Касцёл можа лепш рэагаваць на пакуты бедных і экалагічныя праблемы. У дакуменце падкрэсліваецца, што пачуць гэтыя два воклічы – не проста пастырская задача, а акт веры, у якім заключаецца місія Касцёла, заснаваная на запаведзі любові і прыкладзе Добрага Самараніна.

У прадмове кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, адзначае, што тэрмін "слуханне" азначае цэласны працэс, які ўключае сустрэчу, разуменне праблемы, дзеянні, ацэнку і духоўную падтрымку. Ён тычыцца кожнага хрысціяніна, нават тых, хто адчувае сябе бедным, таму ўсе вернікі і супольнасці пакліканыя несці адказнасць за гэтае служэнне, а не паддавацца спакусе перакласці яго на спецыялізаваныя структуры.

Сярод канкрэтных ініцыятыў прапануецца стварэнне назіральных органаў па пытаннях людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які дапаможа даць голас усім маргіналізаваным групам. У справаздачы гаворыцца пра неабходнасць тэалогіі, якая нараджаецца з слухання бедных і Зямлі як сапраўдных тэалагічных месцаў (loci). Тэолагі з уразлівых супольнасцяў запрашаюцца да актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы касцёльных дакументаў. Асобная ўвага надаецца фармацыі духавенства і свецкіх, якая павінна ўключаць прамы кантакт з сацыяльнымі “перыферыямі”, слуханне як духоўную дысцыпліну і разуменне праблем грамадства.

Палігамія як душпастырскі выклік у Афрыцы

У другой справаздачы Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM/SCEAM) прааналізаваў праблему палігаміі ў кантэксце культурных, антрапалагічных і тэалагічных традыцый афрыканскіх народаў. Дакумент прызнае каштоўнасць афрыканскай сям’і, заснаванай на саюзе паміж родавымі супольнасцямі, з продкамі і Богам, у якім дзеці лічацца Божым благаслаўленнем, а імкненне да шматлікіх нашчадкаў – неад'емнай часткай супольнай ідэнтычнасці. Менавіта ў такім кантэксце гістарычна існуе палігамія; яна ёсць не толькі ў Афрыцы, але там асабліва распаўсюджаная і сёння з’яўляецца актуальным выклікам для Касцёла.

Аналіз Бібліі паказвае, што стаўленне да палігаміі было неадназначным: у Старым Запавеце яна дапускалася, але ў Новым Запавеце паступова пераадольваецца: Езус, звяртаючыся да першапачатковай задумы Творцы, кажа аб адзінстве і непарыўнасці сужэнства. У справаздачы падкрэсліваецца, што хрысціянскі шлюб манагамны па сваёй тэалагічнай сутнасці, гэта не культурная норма. Таму ніякая форма палігаміі не можа быць прызнана Касцёлам. Людзі, якія жывуць у палігамных адносінах, не могуць прыняць хрост, пакуль свабодна не выберуць манагамны лад жыцця. Гаворка не пра асуджэнне, а пра цярплівае і паважлівае суправаджэнне, натхнёнае міласэрнасцю Хрыста. Асаблівая ўвага надаецца годнасці жанчыны, а постаць Марыі прапануецца як прыклад евангелізацыі, увасобленай у культуры.

Касцёл, які слухае і суправаджае

Абодва дакументы ў сваёй разнастайнасці адлюстроўваюць сінадальны шлях Касцёла як супольнасці, якая слухае, распазнае і адказвае на выклікі сучаснасці, застаючыся ўкаранёнай у Евангеллі і блізкай да людзей.

Справаздачы і іх кароткія версіі даступныя на сайце Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў: www.synod.va.

24 сакавіка 2026, 13:15