Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Умацаваць братоў у веры: Паралін пра візіт Папы ў Манака

Пра галоўныя аспекты аднадзённага падарожжа Льва XIV у Манака, якое праходзіць 28 сакавіка 2026 года, ватыканскім СМІ расказаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З гістарычнага пункту гледжання гэта падарожжа мае асаблівую важнасць: апошні раз Пантыфік наведваў Манака ў XVI стагоддзі, калі Павел ІІІ прыбыў туды ў рамках мірных перамоў паміж Карлам V і Францішкам І”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы ў размове з Масімільяна Менікеці, намеснікам рэдакцыйнага дырэктара Ватыканскага радыё – Vatican News.

Мір і дыпламатыя

Кардынал звярнуў увагу на ролю маленькіх дзяржаў у свеце, у якім здаецца, што слабее значэнне міжнароднага права і пераважае “логіка сілы”. На яго думку, у такім кантэксце “малыя дзяржавы з’яўляюцца натуральнымі ахоўнікамі шматбаковасці”, бо для іх “прававыя нормы – не цяжар, а найвышэйшая гарантыя выжывання і свабоды”.

Малыя дзяржавы, па словах Дзяржсакратара, павінны заставацца нейтральнымі мастамі для прымірэння і працягваць звяртаць увагу міжнароднай супольнасці на глабальныя праблемы, якія патрабуюць сумесных намаганняў і калектыўнай адказнасці.

Міжземнамор’е – майстэрня мірнага суіснавання

Кардынал Паралін заўважыў, што ў рашэнні Папы наведаць Манака можна ўбачыць “пераемнасць з папярэднім пантыфікатам, які разглядаў Міжземнамор’е як майстэрню міру” і прастору для суіснавання розных культур і рэлігій.

“У той жа час Святы Айцец з усёй сілай нагадвае, што перадумовай міру паміж людзьмі і народамі з’яўляецца адзінства з Богам і самім сабой. Толькі прыміраны чалавек здольны ўвайсці ў дынаміку міру і стаць міратворцам у штодзённым жыцці”, - дадаў ён.

Маяк цывілізацыі і гуманізму

Гаворачы пра выклікі, перад якімі стаіць Еўропа, іерарх таксама закрануў тэму міграцыйнага крызісу. Ён нагадаў, што толькі за першыя два месяцы 2026 года ў Міжземным моры загінула больш за 600 чалавек – найвышэйшы паказчык з 2014 года. Праблему міграцыі нельга вырашыць праз закрыццё межаў – неабходна змагацца з яе глыбіннымі прычынамі і інвеставаць у развіццё краін паходжання, перакананы Дзяржсакратар. Ён лічыць, што еўрапейскія краіны павінны быць “маяком цывілізацыі і гуманізму” і дзейнічаць “з адвагай і цярплівасцю” ў пошуку шляхоў дыялогу.

Умацаваць братоў у веры

Кардынал падкрэсліў, што папскі візіт мае не толькі дыпламатычны, але і глыбокі пастырскі сэнс. “Святы Айцец едзе ў Манака, каб умацаваць сваіх братоў у веры, усведамляючы той факт, што сведчанне моцнай каталіцкай супольнасці, адпаведнае яго сведчанню веры і жыцця, адданага служэнню агульнаму дабру, можа быць крыніцай павагі і нават натхнення для іншых еўрапейскіх краін, што маюць такія самыя карані. Канкрэтна, візіт Святога Айца стане стымулам да паглыблення жыцця верай праз пошук праўды і запрашэннем аднавіць жаданне духоўнага жыцця”, - падкрэсліў Дзяржсакратар.
 

28 сакавіка 2026, 09:57