Пошук

Індыя. Кнігі Бэнэдыкта XVI на паліцах кнігарні Індыя. Кнігі Бэнэдыкта XVI на паліцах кнігарні  (AFP or licensors)

Кіраўнік “Фонда Ратцынгера”: Бэнэдыкт XVI сёння натхняе моладзь

Галоўная спадчына Ёзэфа Ратцынгера – гэта бескампраміснае абвяшчэнне Езуса Хрыста ва ўсёй Яго паўнаце. Паводле ксяндза Раберта Рэгалі, такі падыход сёння прыносіць плён у выглядзе шматлікіх навяртанняў маладых людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю для партала “The Pillar” новы старшыня ватыканскага “Фонда Ратцынгера” падкрэслівае, што Бэнэдыкт XVI заўсёды імкнуўся данесці да сучаснікаў праўду пра Збаўцу. Яго знакамітае даследаванне "Езус з Назарэта" стала яскравым прыкладам такога глыбокага бачання.

Па словах ксяндза Рэгалі, Папа ніколі не паказваў Хрыста выключна "лагодным" ці залішне "суровым". Ён раскрываў Яго шматгранна, з усімі патрабаваннямі і прыгажосцю веры. Менавіта гэтая шчырасць без упрошванняў з'яўляецца сапраўдным скарбам для сучаснага Касцёла і, што цікава, прыцягвае сённяшніх неафітаў.

Ратцынгер умеў сінтэзаваць старое і новае: ён прасоўваў рэформы, але заставаўся непахісным гарантам Традыцыі, нават нягледзячы на вострую крытыку.

Фундаментальнай рысай Бэнэдыкта XVI было выдатнае веданне вытокаў хрысціянства. Гэта дазволіла ажыццявіць рэформы Другога Ватыканскага Сабора, якія абапіраліся на Святое Пісанне і Айцоў Касцёла. На жаль, пазней некаторыя дзеячы без належнай падрыхтоўкі пачалі баналізаваць Евангелле, спрабуючы проста дагадзіць духу часу. Ксёндз Рэгалі папярэджвае: крэатыўнасць без трывалых каранёў хутка ператвараецца ў трывіялізацыю і губляе сваю прывабнасць.

Толькі там, дзе ёсць абгрунтаваная тэалогія, нараджаецца моцная душпастырская прапанова. Яскравы прыклад – жывыя супольнасці Касцёла ў Францыі, Скандынавіі і ЗША, дзе глыбокая малітва і тэалагічная база прыносяць плён у выглядзе навяртанняў.

Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Ёзэфа Ратцынгера старшыня Фонда нагадвае: яго спадчына – гэта не музейны экспанат, а жывы арыенцір для інтэлектуалаў і моладзі ў пошуках хрысціянскай праўды.
 

04 сакавіка 2026, 10:06