Арцыбіскуп Энтані Рандаца. Арцыбіскуп Энтані Рандаца. 

Пантыфік прызначыў прэфекта Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах

25 сакавіка 2026 года Леў XIV прызначыў прэфектам Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах аўстралійскага біскупа Энтані Рандаца, адначасова надаўшы яму тытул арцыбіскупа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новапрызначаны прэфект нарадзіўся ў 1966 годзе ў Сіднеі ў сям’і італьянскіх мігрантаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1991 годзе. Вывучаў кананічнае права ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Быў членам Пастаяннага камітэта Канферэнцыі Біскупаў Аўстраліі. У перыяд з 2004 па 2008 год – супрацоўнік ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння.

Вярнуўшыся на радзіму, займаўся душпастырствам у сферы пакліканняў, быў рэктарам духоўнай семінарыі. У 2016 годзе Папа Францішак прызначыў яго дапаможным біскупам Сіднейскай архідыяцэзіі, а ў 2018 годзе – біскупам Брокен-Бэя. У 2023 годзе іерарх стаў таксама апостальскім адміністратарам персанальнага ардынарыяту Найсвяцейшай Панны Марыі Паўднёвага Крыжа – структуры для былых англікан, якія пражываюць у Аўстраліі і перайшлі ў каталіцтва.

Пасада прэфекта Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах была вакантнай амаль шэсць месяцаў. 26 верасня 2025 года папярэдні кіраўнік гэтага ватыканскага ведамства, арцыбіскуп Філіпа Янонэ, быў прызначаны прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў.

Інфармуючы пра папскія прызначэнні, Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што 25 сакавіка тытул арцыбіскупа атрымаў таксама ксёндз Рэнца Пегарара, старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

25 сакавіка 2026, 13:37