Дым над Тэгеранам пасля ўдараў Ізраіля і ЗША Дым над Тэгеранам пасля ўдараў Ізраіля і ЗША  (AFP or licensors)

Паралін: прэвентыўныя войны рызыкуюць распаліць пажар у свеце

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін выказаў сур’ёзную заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе і небяспечнай тэндэнцыяй да "шматпалярнасці, якая характарызуецца першынствам моцы".

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі кардынал Паралін з неспакоем адзначыў, што яго турбуе тое, што міжнароднае права пачынае адступаць перад сілай: “на месца справядлівасці прыйшла моц”. Ён падкрэсліў, што сучасны свет “небяспечна сцвярджае шматпалярнасць, якая характарызуецца першынствам улады і аўтарэферэнцыяльнасцю”.

Заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе

На пытанне пра драматычныя падзеі, што адбываюцца на Блізкім Усходзе, ён адзначыў, што назірае за імі з вялікім болем, паколькі народы Блізкага Усходу, у тым ліку і без таго ўразлівыя хрысціянскія супольнасці, зноў пагрузіліся ў жах вайны, якая жорстка разбурае жыцці, руйнуе краіны і пагружае цэлыя народы ў спіралі гвалту”. "У мінулую нядзелю падчас малітвы Анёл Панскі Папа назваў гэта "трагедыяй велізарных маштабаў" і папярэдзіў пра рызыку “непапраўнай бездані”. Яго словы вельмі красамоўна апісваюць той момант, праз які мы праходзім."

Заклік да дыпламатыі

Адказваючы на пытанне пра напад ЗША і Ізраіля на Іран, кардынал Паралін падкрэсліў, што, на яго думку, “мір і бяспека павінны культывавацца і ажыццяўляцца з дапамогай дыпламатычных магчымасцяў, асабліва ў шматбаковых органах, дзе дзяржавы могуць вырашаць канфлікты бяскроўным і справядлівым шляхам.

“Пасля Другой сусветнай вайны, якая забрала каля 60 мільёнаў жыццяў, заснавальнікі ААН імкнуліся абараніць сваіх нашчадкаў ад тых жахаў, якія яны самі перажылі. Таму ў Хартыі ААН яны далі дакладныя ўказанні па ўрэгуляванні канфліктаў. Але сёння гэтыя намаганні выглядаюць марнымі”, - сказаў Дзяржсакратар. Дыпламатыя, якая раней спрыяла дыялогу і пошуку згоды, цяпер усё часцей замяняецца дыпламатыяй моцы асобных людзей або груп саюзнікаў. Людзі пачынаюць думаць, што міру можна дасягнуць "з дапамогай зброі", - папярэджваў Папа на сустрэчы з дыпламатычным корпусам.

Вайна заўсёды нясе разбурэнні

Калі гаворка ідзе пра прычыны вайны, складана вызначыць, хто мае рацыю, а хто – не. З іншага боку, несумненна, што вайна заўсёды прыносіць ахвяры, разбурэнні і цяжкія наступствы для мірных жыхароў. Таму Святы Пасад заклікае выкарыстоўваць усе дыпламатычныя сродкі для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі. Гісторыя ўжо навучыла нас, што толькі палітыка, праз цяжкую працу перамоў і ўлічванне інтарэсаў усіх бакоў, можа павысіць давер паміж народамі, спрыяць развіццю і захоўваць мір, - адзначыў кардынал Паралін.

Небяспека “прэвентыўнай вайны”

Іерарх папярэдзіў пра небяспеку “прэвентыўнай вайны”. Як адзначае Хартыя ААН, выкарыстанне моцы павінна разглядацца толькі як апошняя і вельмі сур’ёзная мера, пасля таго як выкарыстаны ўсе дыпламатычныя і палітычныя сродкі, і пасля ўважлівага аналізу неабходнасці і суразмернасці дзеянняў, на падставе дакладных фактаў і абгрунтаванняў, і заўсёды ў рамках шматбаковага кіравання. Калі б за дзяржавамі было прызнана права на "прэвентыўную вайну" па ўласных крытэрыях і без наднацыянальнай прававой асновы, увесь свет рызыкаваў бы апынуцца ў агні."

Дзяржсакратар адзначыў, што нядаўні крывавы разгон масавых пратэстаў у Іране таксама быў падставай для глыбокай заклапочанасці. Спадзяванні народаў трэба ўлічваць і гарантаваць у межах заканадаўства, якое дазваляе ўсім свабодна і адкрыта выказваць свае думкі, і гэта тычыцца іранскага народа. Пры гэтым можна задацца пытаннем: ці сапраўды хтосьці думае, што рашэнне можа быць дасягнута шляхам запуску ракет і бомбаў?"

Кардынал Паралін
Кардынал Паралін   (ANSA)

Крызіс шматбаковай дыпламатыі

На пытанне пра прычыны заняпаду дыпламатыі і міжнароднага права кардынал Паралін адказаў, што аслабла разуменне таго, што агульнае дабро прыносіць карысць усім. Гэта ўсведамленне згасла, а жаданне дбаць толькі пра свае ўласныя інтарэсы ўзрасло. Гэта прывяло да глыбокага крызісу шматбаковай дыпламатыі: дзяржавы не давяраюць прававым абмежаванням, якія рэгулююць іх дзеянні. Такое стаўленне ўяўляе сабой іншы бок імкнення да ўлады: жаданне дзейнічаць свабодна, навязваць іншым свой парадак і пазбягаць цяжкай, але высакароднай працы палітыкі, якая складаецца з перамоў, дыскусій, кампрамісаў і ўзаемных саступак. Свет небяспечна набліжаецца да шматпалярнасці, якая характарызуецца першынствам улады і аўтарэферэнтнасці.

Пад пагрозай асноўныя прынцыпы

Па словах кардынала Параліна, пад пытаннем апынуліся прынцыпы самавызначэння народаў, тэрытарыяльнага суверэнітэту і правілы вядзення вайны (ius in bello). Паступова адкідаецца апарат, створаны міжнародным правам у такіх сферах, як раззбраенне, развіццё, павага да асноўных правоў, інтэлектуальная ўласнасць, а таксама гандаль і транзіт. Губляецца разуменне старога прынцыпу Канта: парушэнне права ў адным пункце Зямлі адчуваецца ўсюды.

Яшчэ больш трывожыць тое, што міжнароднае права часам ужываюць выбарачна, калі гэта выгадна, - сказаў іерарх, патлумачыўшы, што гаворка ідзе пра тое, што ў адных выпадках міжнародная супольнасць абураецца і мабілізуецца, а ў іншых – маўчыць або рэагуе значна больш мякка. Складаецца ўражанне, што адны парушэнні закона трэба караць санкцыямі, а іншыя – можна цярпець, што адны мірныя ахвяры выклікаюць спачуванне, а іншых лічаць “пабочнымі стратамі”.

Абараняць годнасць кожнага чалавека

“Не існуе ахвяр першага і другога гатунку, і не існуе людзей, якія маюць большае права жыць толькі таму, што нарадзіліся на тым ці іншым кантыненце, у той ці іншай краіне”, - нагадаў іерарх. Гарантыя міжнароднага гуманітарнага права не залежыць ад ваенных або стратэгічных інтарэсаў. Святы Пасад рашуча асуджае любыя напады на мірных жыхароў і грамадзянскія аб’екты – дамы, школы, шпіталі, храмы – і заклікае заўсёды абараняць годнасць чалавека і святасць жыцця.

Бліжэйшыя перспектывы

Што да бліжэйшых перспектыў гэтай новай крызіснай сітуацыі, кардынал Паралін выказаў надзею на тое, што заклік Льва XIV будзе пачуты тымі, хто прымае рашэнні. “Спадзяюся, што хутка спыніцца шум зброі і бакі вернуцца да перамоў”. Нельга абясцэньваць сэнс перамоў: ім трэба даць дастаткова часу, каб яны прынеслі канкрэтныя вынікі, дзейнічаючы цярпліва і рашуча. Разам з тым трэба прызнаць, што міжнародны парадак моцна змяніўся ў параўнанні з тым, які быў створаны восемдзесят гадоў таму з заснаваннем ААН. Без настальгіі па мінулым неабходна супрацьстаяць спробам аслабіць міжнародныя інстытуты і ўмацоўваць наднацыянальныя нормы, якія дапамагаюць дзяржавам мірна вырашаць канфлікты з дапамогай дыпламатыі і палітыкі, - сказаў Дзяржсакратар.

На апошняе пытанне пра надзею кардынал Паралін адказаў, што “хрысціяне спадзяюцца, бо давяраюць Богу, які стаў Чалавекам, які ў Гефсіманіі загадаў Пятру ўкласці меч у ножны і на крыжы перажыў жах сляпога і бессэнсоўнага гвалту. Яны спадзяюцца і таму, што, нягледзячы на войны, разбурэнні, няпэўнасць і агульную разгубленасць, у розных частках свету працягваюць гучаць галасы за мір і справядлівасць”.

"Нашы народы патрабуюць міру! Гэты заклік павінен узрушыць кіраўнікоў і ўсіх, хто працуе ў сферы міжнародных адносін, і падштурхнуць іх памножыць намаганні дзеля міру”, - заключыў Дзяржаўны сакратар.

04 сакавіка 2026, 15:25