Леў XIV у Манака: нашы дары могуць рабіць лепшым жыццё ўсіх
Аляксандр Панчанка – Vatican News
28 сакавіка 2026 года Пантыфік звярнуўся з прамовай да жыхароў Манака, якія сабраліся на плошчы перад Княжацкім палацам. Папа заўважыў, што іх краіна вылучаецца глыбокай сувяззю з Рымскім Касцёлам і каталіцкай верай, а ён з’яўляецца першым сярод Наступнікаў святога Пятра, хто наведвае Манака ў сучасныя часы.
Пакліканне да сустрэчы і сацыяльнага сяброўства
Пантыфік адзначыў, што геаграфічнае палажэнне Манака, якое мае выхад да Міжземнага мора і акружана з усіх бакоў “краінамі-заснавальніцамі еўрапейскагаадзінства”, з’яўляецца “пакліканнем да сустрэчы і развіцця сацыяльнага сяброўства, якому сёння пагражае шырока распаўсюджаная атмасфера закрытасці і самадастатковасці”.
Гісторыю робяць малыя
“Дар быцця малой краінай і жывая духоўная спадчына абавязваюць вас паставіць сваё багацце на службу праву і справядлівасці, асабліва ў гэты гістарычны момант, калі дэманстрацыя сілы і логіка злоўжыванняў наносяць шкоду свету і ставяць пад пагрозу мір. У Бібліі, як вы ведаеце, гісторыю робяць малыя!”, - сказаў Святы Айцец.
У вачах Бога нічога не даецца проста так
Папа звярнуў увагу на плюралізм грамадства Манака, “дабрабыту якога спрыяе актыўная меншасць мясцовых жыхароў і большасць грамадзян з іншых краін, сярод якіх нямала людзей мае значны ўплыў у эканамічнай і фінансавай сферах”.
“У вачах Бога нічога не даецца проста так!”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што “кожны талент, кожная магчымасць, кожнае дабро, даверанае нашым рукам, мае паўсюднае прызначэнне, унутраную патрэбу не быць захаваным для сябе, але быць падзеленым, каб жыццё ўсіх стала лепшым”.
Валадарства братоў і сясцёр
Пантыфік заўважыў, што каталіцкая вера, якая з’яўляецца дзяржаўнай у Манака, абавязвае хрысціян “станавіцца ў свеце валадарствам братоў і сясцёр, прысутнасцю, якая не прыгнятае, а ўздымае, якая не раздзяляе, а яднае, гатовай заўсёды з любоўю абараняць чалавечае жыццё, у кожны момант і ў кожным стане, каб ніхто не быў выключаны са стала братэрства”.
Перспектыва інтэгральнай экалогіі
“Гэта перспектыва інтэгральнай экалогіі, якая вам вельмі блізкая”, - сказаў Папа, заклікаючы жыхароў Манака глыбока вывучаць сацыяльнае вучэнне Касцёла і “развіваць добрыя практыкі як на мясцовым, так і на міжнародным узроўні, якія будуць паказваць яго пераўтваральную здольнасць”.
“Нават у кантэксце не вельмі рэлігійнай культуры, моцна секулярызаванай, падыход да вырашэння праблем, уласцівы сацыяльнаму вучэнню, можа адкрыць вялікае святло, якое праліваецца з Евангелля на наш час, калі многім людзям складана захоўваць надзею”, - дадаў Пантыфік.