Статуя святой Веранікі ў ватыканскай базіліцы Статуя святой Веранікі ў ватыканскай базіліцы 

Вялікі пост у Ватыкане: выстаўленне хусткі святой Веранікі

Згодна са старажытнай рымскай традыцыяй, у пятую нядзелю Вялікага посту ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане адбудзецца абрад выстаўлення хусткі святой Веранікі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паводле традыцыі, калі Езус нёс крыж на Кальварыю, пабожная жанчына, якая ўшаноўваецца як святая Вераніка, ацёрла Яму твар хусткай. Адпячатак акрываўленага аблічча Хрыста застаўся на тканіне. Гэта каштоўная рэліквія захоўваецца ў ватыканскім саборы.

Хустку святой Веранікі можна будзе ўшанаваць падчас велікапоснага “statio” – традыцыйнага набажэнства, якое праводзіцца ў Рыме на працягу Вялікага посту. У яго рамках вернікі штодзённа збіраюцца на малітву ў адным з касцёлаў, дзе захоўваюцца рэліквіі святых і мучанікаў. 22 сакавіка 2026 года набажэнства пройдзе ў Базіліцы Святога Пятра.

Рэліквія, вядомая таксама як Святое Аблічча (Volto Santo), будзе выстаўлена для адарацыі вернікамі ў лоджыі святой Веранікі ў 18.00 падчас літаніі і працэсіі ўнутры сабора. Пасля гэтага адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр ватыканскага сабора і Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан.
 

19 сакавіка 2026, 10:49