Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or Licensors)

Ліван просіць Святы Пасад выратаваць хрысціянскую прысутнасць

Ліван звярнуўся да Святога Пасада з просьбай аб медыяцыі і дапамозе для захавання хрысціянскіх супольнасцей на поўдні краіны, якія пакутуюць ад ваенных дзеянняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэлефонная размова паміж міністрам замежных спраў Лівана Юсефам Раджы і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам стала важным крокам у спробах спыніць эскалацыю канфлікту.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “X” сам ліванскі палітык, ён звярнуўся да Святога Пасада з просьбай аб дыпламатычным умяшанні, каб захаваць хрысціянскую прысутнасць у памежных вёсках, якія падвяргаюцца пастаянным бамбардзіроўкам. Гэтую інфармацыю афіцыйна пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні.

Падчас дыялогу міністр падкрэсліў, што мясцовыя жыхары заўсёды падтрымлівалі дзяржаўныя інстытуты і сваю краіну. У адказ арцыбіскуп Галахер запэўніў, што Святы Пасад прымае ўсе магчымыя меры, каб прадухіліць прымусовае перасяленне грамадзян з іх спрадвечных зямель. Гэтая тэма з'яўляецца асабліва балючай, улічваючы, што ў Ліване пражывае найбуйнейшая хрысціянская супольнасць на Блізкім Усходзе.

Важнасць захавання гэтай супольнасці неаднаразова падкрэсліваў Папа Леў XIV. Падчас свайго нядаўняга падарожжа ў Бейрут Пантыфік назваў хрысціян закладнікам міру і будаўнікамі “цывілізацыі любові”. У сваю чаргу, прэзідэнт Лівана Жазэф Аун тады заўважыў, што знікненне хрысціян азначала б крах усёй сістэмы справядлівасці і далікатнай раўнавагі ў краіне.

Цяперашні крызіс перайшоў у гарачую фазу 2 сакавіка 2026 года, калі Ізраіль абвясціў аб пачатку аперацыі супраць ліванскай групоўкі "Хезбала". Гэты рух уступіў у ваенны канфлікт супраць Ізраіля на баку Ірана і нанёс ракетны ўдар па ізраільскай тэрыторыі. Ужо на наступны дзень ізраільская армія пачала наземную аперацыю на поўдні Лівана.

Паводле звестак ліванскага Міністэрства аховы здароўя, за гэты час загінулі амаль 400 жыхароў краіны, а рэгіён стаіць на мяжы гуманітарнай катастрофы.
 

12 сакавіка 2026, 10:06