Святы Пасад у ААН: справядлівасць для жанчын – больш, чым закон
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас 70-й сесіі Камісіі па становішчы жанчын у Нью-Ёрку Пастаянная назіральная місія Святога Пасада прадставіла пазіцыю, паводле якой абарона правоў не можа абмяжоўвацца толькі фармальнымі юрыдычнымі гарантыямі. Для сапраўднай справядлівасці неабходна выкараняць першапрычыны, якія ставяць жанчын пад пагрозу і падрываюць іх дадзеную Богам чалавечую годнасць. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ВЫСТУПЛЕННЯ)
Святы Пасад звярнуў увагу на тое, што галеча з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай: бедныя жанчыны часта не маюць сродкаў на адвакатаў, а жыхаркі сельскай мясцовасці пакутуюць ад адсутнасці транспарту і сувязі. Недахоп якаснай адукацыі або няведанне мовы большасці таксама робяць дзяўчат безабароннымі перад прававой сістэмай. Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, дыпламатычная місія падкрэсліла, што справядлівасць немагчыма звесці толькі да працы суддзяў ці прымянення закона.
Адсутнасць падсправаздачнасці стварае рызыку эксплуатацыі і гандлю людзьмі, дзе жанчыны складаюць большасць ахвяр. Святы Пасад заклікаў да ўзмацнення барацьбы з гэтай злачыннасцю, якая праяўляецца ў форме прастытуцыі, прымусовых шлюбаў і сурагатнага мацярынства.
Асобны акцэнт быў зроблены на правах жанчын, абвінавачаных у злачынствах: яны павінны мець доступ да бяспечных і гігіенічных месцаў зняволення, асобных ад мужчын. Асаблівыя патрэбы цяжарных жанчын, маці з немаўлятамі і дзяўчат павінны няўхільна ўлічвацца ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Святы Пасад і каталіцкія інстытуты пацвярджаюць гатоўнасць падтрымліваць цэласны падыход да выкаранення гвалту і дыскрымінацыі.