Святы Пасад правядзе вечар памяці кардынала Нгуена Ван Туана
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падзея адбудзецца ўвечары 25 сакавіка 2026 года ў Латэранскім палацы ў Рыме. Яна прымеркавана да 50-годдзя выдання “Малітвы надзеі” – у ім сабраны думкі, якімі кардынал Ван Туан дзяліўся са сваімі вернікамі падчас першых месяцаў свайго доўгага зняволення. Пасля завяршэння В’етнамскай вайны іерарх быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі і правёў у вязніцы трынаццаць гадоў, з якіх дзевяць – у ізаляцыі.
Бэнэдыкт XVI пра кардынала Ван Туана
“За трынаццаць гадоў турмы ў сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю, магчымасць слухаць Бога і гаварыць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі, якая пасля яго вызвалення дазволіла яму стаць перад людзьмі ва ўсім свеце сведкам надзеі – той вялікай надзеі, якая не пагасае нават сярод начэй адзіноты”, - пісаў у энцыкліцы “Spe Salvi” Папа Бэнэдыкт XVI.
Вечар памяці
У перыяд з 1994 па 2002 год кардынал Ван Туан служыў у Папскай радзе “Iustitia et pax”, спачатку як віцэ-старшыня, а потым як старшыня. Ён памёр у 2002 годзе ў Рыме. У 2007 годзе распачаўся працэс беатыфікацыі іерарха.
“Мэта канферэнцыі – праз сведчанні тых, хто яго ведаў, а таксама праз урыўкі з яго твораў і музычныя кампазіцыі, заснаваныя на яго працах, падкрэсліць актуальнасць асобы кардынала Франсуа Ксаўе Нгуена Ван Туана. Гэты верны пастыр здолеў ператварыць досвед доўгіх выпрабаванняў у прастору малітвы, прабачэння і надзеі, паказаўшы, як святло Евангелля здольнае перамагчы любую цемру. З яго слоў да нас даносіцца пасланне надзеі – усеагульная духоўная спадчына”, - гаворыцца ў камюніке Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Удзельнікі форума
У сустрэчы пад назвай “Франсуа Ксаўе Нгуен Ван Туан – сведка надзеі” прымуць удзел кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; Валдэры Хільгеман, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу кардынала Ван Туана; кардынал Лазарус Ю Хын Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства; кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Адкрые форум кардынал Балдасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Падчас сустрэчы возьме слова Элізабэт Нгуен Ці Ту Хонг – сястра кардынала Ван Туана. Музычнае суправаджэнне забяспечыць ксёндз Карла Сена з Міланскай архідыяцэзіі.