Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: сурагатнае мацярынства топча годнасць дзіцяці і маці

Дзіця – гэта дар, а не камерцыйны тавар. Яно не можа быць аб’ектам здзелкі, - гаворыцца ў заяве Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасада пры ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

12 сакавіка 2026 года ў Нью-Ёрку ў рамках 70-й сесіі Камісіі ААН па становішчу жанчын прайшло спецыяльнае мерапрыемства на тэму “Абарона жанчын і дзяцей: барацьба з насіллем і эксплуатацыяй пры сурагатным мацярынстве”.

У заяве прадстаўніцтва Святога Пасада падкрэсліваецца, што сурагатнае мацярынства – вельмі складаная і далікатная праблема, практыка якой супярэчыць закону і этыцы. Хоць многія бачаць у ім магчымасць стаць бацькамі, на практыцы яно можа парушаць годнасць і правы жанчын і дзяцей.

Рызыкі сурагатнага мацярынства

Большасць жанчын, якія становяцца сурагатнымі маці, робяць гэта з-за эканамічнай неабходнасці. Не выпадкова, што сурагатных маці часта наймаюць багатыя і знакамітыя людзі, а заможныя жанчыны ў гэтай ролі сустракаюцца рэдка. Гэта значыць, што сацыяльная абарона, адукацыя і эканамічныя магчымасці маглі б прывесці да адмовы жанчын ад удзелу ў такіх здзелках, - гаворыцца ў заяве Святога Пасада.

Некаторыя жанчыны падвяргацца ціску ці нават прымусу з боку сям'і, могуць не мець магчымасці атрымаць незалежную юрыдычную або медыцынскую дапамогу. Часам іх ізалююць ад уласных дзяцей і сем'яў, за імі сочаць, кантралююць іх харчаванне, заняткі і стан здароўя. Гэта парушае свабоду і разбурае сямейныя сувязі. Калі ж сурагатная маці застаецца з сваёй сям’ёй да родаў, яе ўласныя дзеці могуць пытацца, чаму маці не пакінула дзіця сабе.

Дзіця – гэта дар, а не тавар

У заяве адзначаецца, што сурагатнае мацярынства ператварае дзяцей у “тавар”. Некаторыя з іх нават не выхоўваюцца бацькамі, а нянькамі ў арэндаваных дамах, пакуль бацькі працягваюць наймаць новых сурагатных маці. Гэта асабліва небяспечна, калі дзіця ўспрымаецца як “праблемнае”, напрыклад, пры дыягностыцы дародавых хвароб.

Такі падыход цалкам супярэчыць прынцыпам справядлівага грамадства, у якім дзеці могуць развівацца і квітнець. Дзеці маюць правы і інтарэсы, у тым ліку маральнае права быць зачатымі ў любові, ведаць сваіх бацькоў і атрымліваць ад іх клопат. Той факт, што гэтыя правы не заўсёды могуць быць рэалізаваны, не павінен выкарыстоўвацца для апраўдання практыкі, якая наўмысна іх парушае.

Ператвараючы цяжарнасць у платную паслугу, сурагатнае мацярынства топча годнасць як дзіцяці, якое становіцца "прадуктам", так і маці, эксплуатуючы яе цела і здольнасць нараджаць, а таксама скажае першапачатковае прызначэнне сям'і, - нагадваецца ў заяве Святога Пасада.

14 сакавіка 2026, 13:06