Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад у ААН: абараняць хрысціян ад пераследу

На 61-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе прагучалі дзве заявы Пастаяннага назіральніка Святога Пасада, прысвечаныя абароне права на пахаванне памерлых паводле веры і абароне хрысціян ад пераследу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У Жэневе працягваецца 61-я сесія Рады ААН па правах чалавека. Прадстаўнікі дзяржаў і міжнародных арганізацый абмяркоўваюць шырокі спектр пытанняў, звязаных з абаронай асноўных правоў і свабод чалавека ў свеце.

Абарона рэлігійнай свабоды ў пытаннях пахавання памерлых

3 сакавіка 2026 года падчас інтэрактыўнага дыялогу са Спецыяльным дакладчыкам па пытаннях свабоды рэлігіі і веравызнання, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра адзначыў важнасць павагі да памерлых і ролі сем’яў і супольнасцяў у захаванні гэтай павагі. Ён падкрэсліў, што для многіх вернікаў пахаванне памерлых з’яўляецца рэлігійным абавязкам. У Касцёле пахаванне – гэта акт міласэрнасці і справядлівасці, які сведчыць пра веру ў жыццё пасля смерці. Пахавальны абрад – гэта не проста фармальнасць, а пацвярджэнне таго, што чалавечае цела з'яўляецца неад'емнай часткай асобы і валодае трансцэндэнтнай годнасцю, якая захоўваецца нават пасля смерці.

Дыпламат выказаў тры канкрэтныя заўвагі. Па-першае, ён заклікаў разглядаць апаганьванне могілак не проста як матэрыяльны ўрон нерухомасці, а як парушэнне свабоды рэлігіі або перакананняў, бо могілкі – гэта святыя месцы, дзе вернікі выконваюць свой рэлігійны і маральны абавязак па ўшанаванню памяці сваіх памерлых родных. Па-другое, пахавальныя абрады і своечасовае вяртанне парэшткаў ніколі не павінны выкарыстоўвацца як сродак палітычнага ціску. Падобная практыка ператварае памерлых у аб'ект абмену, прыніжае іх годнасць і наносіць "духоўную траўму" іх родным. Па-трэцяе, ён заклікаў абараняць свабоду рэлігіі ў найбольш уразлівыя моманты чалавечага жыцця, у прыватнасці, права паміраючых і іх сем’яў на атрыманне духоўнай дапамогі і падтрымкі. Адмова ў такой дапамозе парушае дадзеную Богам годнасць чалавечай асобы ў перыяд найбольшай патрэбы, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Абарона хрысціян ад пераследу

Другая заява арцыбіскупа Этарэ Балестрэра была прысвечана абароне хрысціян, якія церпяць пераслед у розных краінах свету. Ён адзначыў, што сёння з рознымі формамі пераследу сутыкаюцца каля 400 мільёнаў хрысціян. Гэта азначае, што пакутуе кожны сёмы хрысціянін. Толькі ў 2025 годзе за веру былі забітыя амаль 5 тысяч чалавек, у сярэднім 13 чалавек у дзень.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што гэта бедства закранае ўсе краіны. Паводле справаздачы АБСЕ, у 2024 годзе ў Еўропе было зарэгістравана больш за 760 злачынстваў на глебе нянавісці, уключаючы фізічныя напады, забойствы, вандалізм, апаганьванне могілак і падпалы храмаў.

Пераслед можа мець не толькі адкрытую форму, але і больш скрытую, непрыкметную форму, якая нялёгка паддаецца статыстычнаму ўліку. У некаторых краінах хрысціяне могуць сутыкацца з паступовай маргіналізацыяй і выцісканнем з грамадскага жыцця або з абмежаваннямі ў выказванні сваіх рэлігійных перакананняў. У якасці прыкладаў іерарх прывёў судовыя пераследы за маўклівую малітву каля месцаў выканання абортаў, цытаванне біблійнага верша па сацыяльных пытаннях, забарону бацькам ці настаўнікам чытаць Біблію дзіцяці ці вучню і іншыя. “Гэта не павярхоўныя дзеянні. Гэта сур'ёзныя парушэнні правоў хрысціян, якія здзяйсняюцца тымі самымі ўладамі, на якія ўскладзены абавязак паважаць, абараняць і заахвочваць правы чалавека для ўсіх. Гэтай супярэчнасці павінен быць пакладзены канец”, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Дыпламат скончыў прамову словамі Францішка аб тым, што без свабоды рэлігіі, думкі, слова і павагі да поглядаў іншых немагчыма дасягнуць сапраўднага міру.

05 сакавіка 2026, 11:21