Святы Пасад у ААН: больш інклюзіўнасці для людзей з сіндромам Даўна
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у сустрэчы з нагоды Сусветнага дня людзей з сіндромам Даўна, які адзначаецца 21 сакавіка. У мерапрыемстве, арганізаваным Фондам Жэрома Лежона, бралі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, эксперты і людзі з сіндромам Даўна. У рамках форума былі праведзены дзве панэльныя дыскусіі, прысвечаныя сведчанням, сістэмным пытанням і грамадскім праблемам.
Роўная годнасць кожнага чалавека
“Людзі з сіндомам Даўна маюць такую самую годнасць, як і ўсе іншыя, і такую самую сакральную каштоўнасць, свядома і з любоўю закладзеную ў іх Стварыцелем ад самага моманту зачацця”, - падкрэсліў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра.
Папскі дыпламат адзначыў, што генетычная тоеснасць людзей з сіндромам Даўна не робіць іх “больш” ці “менш” людзьмі. Таму яны “павінны ў поўнай меры карыстацца сваімі правамі чалавека і цалкам удзельнічаць ва ўсіх аспектах жыцця грамадства”.
Інклюзіўнасць як прызнанне
Арцыбіскуп дадаў, што інклюзіўнасць – гэта нешта большае, чым дапамога або льготы, але “прызнанне людзей з сіндромам Даўна паўнавартаснымі членамі нашых грамадстваў”.
Бараніць жыццё на ўсіх этапах
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі таксама падзякаваў людзям з сіндромам Даўна, якія змагаюцца за свае правы. Ён асобна адзначыў іх мужнасць, шчырасць і велікадушнасць.
Іерарх заклікаў узмацніць намаганні дзеля абароны годнасці і правоў кожнага чалавека на ўсіх этапах жыцця. Ён падкрэсліў: “Дыскрымінацыйныя і эўгенічныя практыкі, звязаныя з прэнатальным скрынінгам і селектыўным перарываннем цяжарнасці ў адносінах да дзяцей з дыягназам сіндрома Даўна, павінны быць рашуча адрынутыя”.
Чалавечнасць неад'емная ад кампетэнцый
Звяртаючыся да спецыялістаў і ўстаноў, арцыбіскуп нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які ў энцыкліцы “Deus caritas est” пісаў, што “прафесійная кампетэнцыя з’яўляецца першасным і асноўным патрабаваннем, але толькі яе недастаткова”, бо “чалавек заўсёды патрабую нечага большага, чым тэхнічна правільнай апекі” – патрабуе чалавечнасці і сардэчнай увагі. Ён працытаваў таксама Льва XIV, якія казаў, што “якасць жыцця залежыць не ад дасягненняў, а ад любові”.
Фарміраваць культуру жыцця
Арцыбіскуп Балестрэра выказаў надзею на далейшае фарміраванне культуры жыцця і чалавечнасці: культуры, у якой кожны чалавек з сіндромам Даўна прызнаецца ўнікальным і непаўторным і прымаецца з роўнай годнасцю і павагай.