Новая ініцыятыва: Касцёл за вывад капіталаў са шкоднай здабычы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кампанію "Адмова ад інвеставання ў горназдабыўную прамысловасць: этычная паслядоўнасць для клопату пра Супольны Дом" узначальвае сетка "Касцёлы і шахты" пры падтрымцы больш як 40 інстытутаў.
Як адзначыў падчас прэзентацыі 20 сакавіка 2026 года кардынал Фабіа Баджа, мінералы неабходныя для сучаснага жыцця, але іх здабыча занадта часта адбываецца без павагі да правоў карэнных народаў і экасістэм. Паводле яго слоў, ініцыятыва патрабуе маральнай паслядоўнасці ў эканамічных рашэннях.
Біскуп Вісэнты Ферэйра з Бразіліі звярнуў увагу на тое, што кліматычнаму крызісу не дапамогуць ілжывыя рашэнні так званага "зялёнага капіталізму". Ён нагадаў, што горназдабыўная прамысловасць застаецца галоўнай апорай у пагоні за прыбыткам, асабліва цяпер, калі развіццё штучнага інтэлекту і іншых тэхналогій патрабуе ўсё больш і больш мінералаў.
Сястра Маамаліфар Парэку дадала, што экалагічны крызіс патрабуе фінансавай паслядоўнасці – не толькі вываду сродкаў са шкодных галін, але і іх рэінвеставання ва ўстойлівыя альтэрнатывы.
Айцец Дарыа Босі патлумачыў, што менавіта таму Платформа прапануе вывад капіталу як найбольш эфектыўную этычную стратэгію. У якасці паспяховага прыкладу ён прывёў Канферэнцыю Біскупаў Аўстрыі, якая ў 2024 годзе прыняла дырэктыву аб этычных фінансах і вырашыла цалкам выключыць інвестыцыі ў здабычу і гандаль золатам з прычыны парушэнняў правоў чалавека.
Праект Платформы быў першапачаткова запушчаны ў студзені 2026 года сумесна з Радай Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM), а цяпер пашыраецца на краіны Глабальнай Поўначы.