Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: свабода рэлігіі – гэта падмурак грамадства

Святы Пасад падкрэсліў неабходнасць абароны свабоды рэлігіі на фоне росту ісламафобіі, заклікаўшы да сапраўднага міжрэлігійнага дыялогу і глабальнай салідарнасці ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўніцтва Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прыняло ўдзел у мерапрыемстве высокага ўзроўню, прысвечаным Міжнароднаму дню барацьбы з ісламафобіяй.

У сваёй заяве дэлегацыя падзякавала Альянсу цывілізацый і Пастаяннай місіі назіральніка Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва за правядзенне гэтай важнай сустрэчы ў Нью-Ёрку.

Ісламафобія і іншыя формы нецярпімасці

Паводле заявы ватыканскай дыпламатыі, расце колькасць выпадкаў нецярпімасці, дыскрымінацыі і варожасці ў дачыненні да мусульман, юдэяў, хрысціян і паслядоўнікаў іншых традыцыйных рэлігій. Гэтыя негатыўныя з'явы вынікаюць з няздольнасці прызнаваць і абараняць права на свабоду рэлігіі або перакананняў. Гэтае права не з'яўляецца чымсьці неабавязковым, а ўяўляе сабой краевугольны камень любога справядлівага грамадства.

У заяве цытуюцца словы, якія сказаў Папа Леў XIV: калі гэта свабода адмаўляецца, чалавечая асоба пазбаўляецца здольнасці свабодна адказваць на заклік праўды. Святы Айцец таксама звяртаў увагу на тое, што такія працэсы вядуць да павольнага распаду этычных і духоўных сувязей, якія падтрымліваюць супольнасці, калі давер саступае месца страху, падазронасць замяняе дыялог, а прыгнёт нараджае гвалт.

Святы Пасад звяртае ўвагу на тое, што захаванне ісламафобіі ў свеце з'яўляецца відавочным напамінам аб тым, наколькі тэрмінова неабходна абараняць рэлігійную свабоду.

Дыскрымінацыя і гвалт супраць мусульман не толькі шкодзяць асобным людзям, але і наносяць шкоду духоўнай, маральнай і сацыяльнай структуры грамадства ў цэлым. Гэта аслабляе сувязі даверу і салідарнасці, якія асабліва неабходныя чалавецтву ў цяперашнім міжнародным кантэксце.

Лічбавая пісьменнасць і сапраўдны дыялог

Акрамя таго, сёння дыскрымінацыя ў дачыненні да рэлігійных груп узмацняецца ў інтэрнэце, дзе варожыя наратывы могуць хутка распаўсюджвацца і фарміраваць грамадскае ўспрыманне.

Дыпламатыя Святога Пасада ўпэўнена, што такая сітуацыя патрабуе больш моцных адукацыйных ініцыятыў, асабліва ў галіне лічбавай пісьменнасці, каб дапамагчы карыстальнікам развіваць навыкі крытычнага мыслення і ўзрастаць у свабодзе духу.

Дыялог – гэта не тактыка ці інструмент, а спосаб жыцця. Місія пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адзначыла, што гэта патрабуе сапраўднага міжрэлігійнага дыялогу, які дазволіць адрозненням стаць крыніцай узбагачэння, а не падзелу, і гарантуе, што ніводная рэлігія не будзе выкарыстоўвацца або інструменталізавацца.
 

17 сакавіка 2026, 06:35