Святы Пасад заклікае да перамен у сэрцах дзеля выкаранення дыскрымінацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 сакавіка 2026 года мансеньёр Хуан Антоніа Крус Серана выступіў на сесіі Пастаяннай рады Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД) у Вашынгтоне, прысвечаных Міжнароднаму дню памяці ахвяр рабства і трансатлантычнага гандлю рабамі ў межах ІХ Міжамерыканскага тыдня людзей афрыканскага паходжання. Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам: “Роўнасць, якая натхняе; свабода, якая трансфармуе; паўшар’е, якое вядзе за сабой”.
Назіральнік Святога Пасада адзначыў важнасць правядзення такой сесіі як сведчання адноўленага імкнення краін заходняга паўшар’я паважаць годнасць кожнага чалавека, створанага па вобразу і падабенству Божаму. Ён спаслаўся на словы Льва XIV аб тым, што перад тварам жахлівых сцэнарыяў, важна, каб у сэрцах людзей захоўвалася надзея на годную і мірную будучыню. Асэнсаванне трагедыі рабства і трансатлантычнага гандлю рабамі павінна садзейнічаць выкараненню любых форм дыскрымінацыі і ізаляцыі, - адзначыў дыпламат.
Святы Пасад разглядае скасаванне рабства як вынік паслання свабоды, прынесенага свету Хрыстом. Касцёл на працягу стагоддзяў падтрымліваў вызваленне прыгнечаных праз канкрэтныя дзеянні, асабліва ў перыяды, калі рабства закранала цэлыя грамадствы, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.
Мансеньёр Серана таксама падкрэсліў неабходнасць не толькі юрыдычнай абароны правоў, але і сацыяльна-культурнага прызнання асоб і супольнасцей афрыканскага паходжання. Ён адзначыў, што павага да іх самабытнасці і гісторыі ўзбагачае грамадства і ўмацоўвае асновы міру.
Барацьба з расавай дыскрымінацыяй пачынаецца з прыняцця законаў, але сапраўдныя змены магчымыя толькі праз навяртанне сэрцаў і розумаў людзей, іх зварот да сапраўдных каштоўнасцяў, якія зыходзяць ад Бога, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.
Рэзалюцыя ААН
Па прапанове Ганы 25 сакавіка 2026 года Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая афіцыйна прызнае трансатлантычны гандаль рабамі "найцяжэйшым злачынствам супраць чалавецтва". Рашэнне падтрымалі 123 краіны, тры дзяржавы – ЗША, Ізраіль і Аргенціна – прагаласавалі супраць, 52 ўстрымаліся.