Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (© 2021 DND-MDN Canada)

Святы Пасад у ААН: злучаць дапамогу бежанцам з будаваннем міру

Святы Пасад заклікае “пакласці канец ужыванню мовы, поўнай нянавісці і помсты, і намагацца весці шчыры дыялог”, каб знайсці справядлівыя і доўгатрывалыя рашэнні крызісаў, ад якіх пакутуе свет.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

25 сакавіка 2026 года Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, прыняў удзел у 95-м пасяджэнні Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (UNHCR), прысвечаным сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Абуральны скандал для ўсёй чалавечай сям'і

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі выказаў занепакоенасць Святога Пасада ў сувязі з вайной на Блізкім Усходзе, нагадаўшы словы Льва XIV, сказаныя пасля нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”: “Смерць і боль, прынесеныя вайной, з’яўляюцца абуральным скандалам для ўсёй чалавечай сям’і і воклічам, што ўзносіцца да Бога”.

Дыспрапорцыя ў выкарыстанні рэсурсаў

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на трагічную сітуацыю, у якой “рэзка ўзрастаюць гуманітарныя патрэбы, а рэсурсы, прызначаныя для аказання дапамогі, скарачаюцца”. Пакуты мільёнаў людзей, пазбаўленых “належнай абароны, дапамогі і перспектыў годнай будучыні”, становяцца яшчэ больш цяжкімі з прычыны дыспрапорцыі паміж рэсурсамі, якія накіроўваюцца на ўзбраенне і вядзенне вайны, і тымі, “якія прызначаюцца на служэнне жыццю”, - дадаў ён.

Патрэба ў салідарнасці

Папскі дыпламат заўважыў, што большасць бежанцаў на Блізкім Усходзе прымаюць краіны, якія развіваюцца. Ён заклікаў міжнародную супольнасць да салідарнасці з гэтымі дзяржавамі, якая павінна выяўляцца ў забеспячэнні прадказальнага фінансавання і прадастаўленні больш шырокіх магчымасцяў для перасялення.

Пакаленні, якія не ведаюць нічога акрамя вайны

“Перамешчаныя асобы – гэта не проста статыстыка, якой трэба кіраваць; гэта асобы, мужчыны, жанчыны, хлопцы і дзяўчаты, кожны са сваім імем, абліччам і гісторыяй”, - сказаў ён, з жалем адзначаючы, што ў многіх кутках свету “цэлыя пакаленні не ведалі нічога, акрамя вайны, вымушанага перасялення і няпэўнасці”. Дзеці, якія растуць у лагерах для бежанцаў, “пазбаўленыя стабільнага сямейнага асяроддзя, адукацыі і нават простай радасці гульні”. Як могуць гэтыя будучыя дарослыя пабудаваць лепшы свет, “калі адзіная рэальнасць, якую яны ведаюць – гэта жах вайны?”, - прапанаваў задумацца арцыбіскуп Балестрэра.

Уклад рэлігійных арганізацый

Прадстаўнік Святога Пасада заўважыў, што рэлігійныя арганізацыі, у тым ліку каталіцкія, могуць дапамагчы намаганням UNHCR, злучаючы гуманітарную дапамогу з пабудовай міру, “спрыяючы прымірэнню, мірнаму суіснаванню і культуры салідарнасці і братэрства”.

Вырашаць глыбінныя праблемы

Нунцый адзначыў, што “неабходна вырашаць глыбінныя прычыны, якія прымушаюць людзей уцякаць”. Стабільнасць і мір “не будуюцца праз узаемныя пагрозы і зброю, якая сее разбурэнні, боль і смерць, а толькі праз разумны, сапраўдны і адказны дыялог”. Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў заклік Папы, звернуты да ўсіх бакоў, уцягнутых у сучасныя канфлікты, “узяць на сябе маральную адказнасць за спыненне спіралі гвалту, перш чым яна стане неперадольнай прорвай”. “Няхай дыпламатыя зноў знойдзе сваю ролю і няхай будзе прасоўвацца дабро народаў, якія прагнуць мірнага суіснавання, заснаванага на справядлівасці”, - дадаў прадстаўнік Святога Пасада.
 

26 сакавіка 2026, 09:50