Пошук

Айцец Раберта Пазаліні Айцец Раберта Пазаліні  (@Vatican Media)

Свабода Божых дзяцей: чацвёртае велікапоснае казанне ў Ватыкане

Дасканалая радасць і духоўная свабода нараджаюцца праз прыняцце рэальнасці і давер Богу. Пастыры Касцёла пакліканы весці людзей шляхам, які адкрывае на сталасць у Хрысце, заўважыў прапаведнік Папскага дома.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Свабода дзяцей Божых. Дасканалая радасць і смерць як сястра” – такой была тэма чацвёртага велікапоснага казання айца Раберта Пазаліні, якое Папа і кіраўніцтва структур Рымскай курыі выслухалі раніцай 27 сакавіка 2026 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Дасканалая радасць

Працягваючы разважаць над жыццём святога Францішка Асізскага, 800-годдзе са смерці якога адзначаецца сёлета, капуцын заўважыў, што ён не быў чалавекам адарваным ад рэальнасці, а тым, які перажыў глыбокі крызіс, адзіноту і пакуты, і ў іх адкрыў свабоду Божых дзяцей.

Святы Францішак зразумеў, што “сапраўдная радасць праяўляецца, калі адчужэнне, прыніжэнне і неразуменне не могуць пазбавіць нас спакою”. Гаворка не ідзе пра тое, каб стаць неадчувальнымі да болю і зла, але быць свабодным ад таго, каб выліваць гэты негатыўны досвед на іншых і не дазволіць яму перамагчы сябе. “Гэта свабода, якая не пазбаўляе болю, але перашкаджае яму мець апошняе слова”, - сказаў манах.

Паўната жыцця

“Гэта здольнасць заставацца радаснымі нават пасярод хваляванняў не з’яўляецца духоўнай мэтай, прызначанай невялікаму колу прывілеяваных, якія атрымалі дар асаблівай блізкасці з Богам”, але знаходзіць сваю крыніцу ў Евангеллі паводле святога Мацвея, дзе Езус называе шчаслівымі тых, хто церпіць, смуткуе і падвяргаецца пераследу.

“Евангельская радасць не пазбаўляе ран, але праходзіць праз іх і ператварае, адкрываючы нас на большую любоў – тую, што прабачае. Менавіта ў гэтым прыняцці рэальнасці нараджаецца новая свабода, здольная больш не залежаць ад знешніх умоў”, - сказаў ён, падкрэсліўшы, што жыццё святога Францішка дэманструе магчымасць свабоды, якая не знікае пад цяжарам выпрабаванняў, а саспявае падчас іх.

Свабода нават перад абліччам смерці

“Гэта рэальная, даступная ласка, якая дазваляе распазнаць у кожнай рэчаіснасці – нават у смерці – аблічча Айца, які ніколі нас не пакідае”, - дадаў айцец Пазаліні. Святы Францішак, які называе смерць сястрой і адыходзіць у вечнасць, лежачы на зямлі, нагадвае нам, што сапраўдная свабода нараджаецца з даверу – не з сілы, а прыняцця ўласнай крохкасці, падкрэсліў папскі прапаведнік.

Не прапаноўваць “таннае” хрысціянства

“Перад такім сведчаннем наша задача як пастыраў з’яўляецца адначасова важнай і далікатнай. Мы не можам падладжваць Евангелле пад нашы страхі, зводзіць яго да супакойваючай прапановы або да набору рэлігійных практык, што захоўваюць форму, але пазбаўляюць яго сапраўднай духоўнай сілы. Прапаноўваць “таннае” хрысціянства – прасцейшае, але менш патрабавальнае – азначае пазбаўляць людзей таго, што ім па-сапраўдна патрэбна: шляху, здольнага весці нас у вечнае жыццё”, - сказаў ён.

Айцец Пазаліні заўважыў, што “Евангелле не прапануе кароткіх шляхоў, але вядзе праз ачышчэнне і навяртанне да свабоды дзяцей Божых”. “Абавязак пастыраў Касцёла – захоўваць гэту праўду без змякчэння і паказваць шляхі, што адкрываюць дзверы да поўнай сталасці ў Хрысце”, - сцвердзіў капуцын.

Абудзіць у сабе жаданне пазнаваць Хрыста

“У гэты год, калі мы разважаем над постаццю Францішка, дазволім яго евангельскаму сведчанню крануць нас. Гаворка не пра тое, каб проста пераймаць яго жэсты, але каб дазволіць узрушыць сябе тым жаданнем, якое кіравала кожным крокам яго жыцця: пазнаць Хрыста, “моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння” (Флп 3,10)”, - завяршыў казанне айцец Пазаліні.
 

27 сакавіка 2026, 11:40