Пошук

“Аргенціна Францішка” - фільм, прымеркаваны да першай гадавіны смерці Папы Францішка “Аргенціна Францішка” - фільм, прымеркаваны да першай гадавіны смерці Папы Францішка 

Прэм’ера дакументальнага фільма пра жыццё і служэнне Францішка

8 красавіка 2026 года ў Асці на поўначы Італіі адбудзецца прэм'ера дакументальнага фільма “Аргенціна Францішка”, прысвечанага яго жыццю ў Буэнас-Айрэсе. Паказ прымеркаваны да першай гадавіны смерці Пантыфіка.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства пройдзе ў тэатры Альф’еры ў Асці (П'емонт). Яго арганізатарамі выступаюць мясцовая дыяцэзія і муніцыпалітэт. У паказе возьмуць удзел біскуп Марка Прастара, мэр Маўрыцыа Разэра. Відэазварот да гледачоў накіруе прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

Фільм працягласцю каля адной гадзіны зняты на іспанскай мове з італьянскімі субцітрамі. Рэжысёр – Эўджэніа Бонаната.

Стужка распавядае пра жыццё Хорхэ Марыа Бэрголіа ў Буэнас-Айрэсе праз архіўныя кадры і сведчанні людзей, якія ведалі яго асабіста. Здымкі прайшлі ў такіх мясцінах, як раёны Флорэс і Альмагра, дзе будучы Папа нарадзіўся і вырас, у тым ліку ў касцёле святой Марыі, дзе ён быў ахрышчаны, у касцёле святога Юзафа, дзе адчуў пакліканне, у араторыі святога Антонія Падуанскага; а таксама ў бедных кварталах сталіцы, дзе сфармаваліся ключавыя прынцыпы яго будучага пантыфікату: служэнне бедным, сацыяльная інтэграцыя, барацьба з нарказалежнасцю і канцэпцыя Касцёла, які “выходзіць да людзей”.

У фільме прадстаўлены сведчанні журналістаў, якія добра ведалі Бэрголіа, а таксама выпускнікоў езуіцкіх навучальных устаноў, у якіх ён выкладаў. Асвятляюцца ініцыятывы арцыбіскупа Буэнас-Айрэса, накіраваныя на дапамогу самым уразлівым групам насельніцтва.

Пасля прэзентацыі ў Асці плануюцца паказы фільма ў двух сімвалічных месцах: на Лампедузе і ў рымскай турме “Regina Coeli”, куды Францішак здзейсніў свае першы і апошні візіты.

27 сакавіка 2026, 12:13