Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін  (ANSA)

Дыпламат з Евангеллем у руках: зборнік прамоў кардынала Параліна

У Рыме адбылася прэзентацыя першага зборніка прамоў кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна – найбліжэйшага супрацоўніка Папы і шматгадовага кіраўніка ватыканскай дыпламатыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кніга пад назвай “Евангелле – гэта мы” (Siamo noi il Vangelo) была падрыхтавана італьянскай Выдавецкай асацыяцыяй каталіцкай прамоцыі (Associazione Editoriale Promozione Cattolica). Удзельнікі яе прэзентацыі акрэслілі кардынала Параліна як “дыпламата з Евангеллем у руках”

Назвай для выдання паслужыла цытата кардынала Эліа Дала Косты, да якога кардынал Паралін быў моцна прывязаны і якога лічыў сваім настаўнікам. Асоба Дала Косты дапамагае зразумець ідэалы Параліна: яшчэ будучы святаром у гады Першай сусветнай вайны, Дала Коста клапаціўся пра параненых і сіротаў, а ў часы Халакосту арганізаваў буйную аперацыю па ратаванні яўрэяў, за што ў 2012 годзе пасмяротна атрымаў ганаровы тытул Праведніка народаў свету.

Дыпламатыя, якая служыць усяму чалавецтву

Кніга стала першым у свеце выданнем, прысвечаным кардыналу П’етра Параліну. Яе прэзентацыя прайшла 10 сакавіка 2026 года ў рымскай базіліцы Санта-Марыя-ін-Монтэсанта. У падзеі ўзяў удзел кардынал Франчэска Кокапальмерыа, старшыня-эмерыт Папскай рады па заканадаўчых тэкстах.

“Тэмы, якія тут закранаюцца – надзвычай разнастайныя. Асабліва мяне зацікавілі тыя, што звязаны з правам і светам ватыканскай дыпламатыі, на чале якой стаіць кардынал-дзяржсакратар. З гэтых старонак выразна паўстае разуменне права, тыповае для “размініянскай” традыцыі: кардынал ставіць у цэнтр асобу з яе правамі, якім адпавядаюць абавязкі іншых. Калі існуе такое ўзаемнае прызнанне, усталёўваецца мір; калі ж яго няма – узнікае вайна. Толькі праз дыялог можна вырашыць канфлікт, і ў гэтым фундаментальную ролю адыгрывае ватыканская дыпламатыя, якая служыць усяму чалавецтву. Служэнне кардынала Параліна сапраўды мае святарскі характар, і ў гэтай кнізе яно паказана з асаблівай выразнасцю”, - сказаў кардынал Кокапальмерыа.

Будаванне цывілізацыі любові

Яшчэ адным удзельнікам прэзентацыі быў біскуп Антоніа Стальяна, старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі. Ён заўважыў, што кніга адлюстроўвае веру кардынала Параліна, якая выражаецца ў намаганнях будаваць цывілізацыю любові.

“Кардынал Паралін – дыпламат, які застаўся святаром, бо ўмее трымацца крыніцы веры, якой з’яўляецца сустрэча з Езусам. А Езус – гэта святло, якое дазваляе бачыць сапраўдную сутнасць рэчаў і вучыць нас цывілізацыі любові. Гэтыя думкі з’яўляюцца выразам сацыяльнай і палітычнай рэвалюцыі, якую хрысціянскае мысленне павінна несці ў свет, бо цывілізацыя любові – гэта ідэал адносінаў, заснаваных на любові”, - падкрэсліў італьянскі тэолаг.
 

12 сакавіка 2026, 09:11