Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння 

Дыкастэрыя веравучэння: духоўная спадчына былых англікан

Біскупы-ардынарыі персанальных ардынарыятаў для былых англікан вылучылі сем галоўных рыс, якія складаюць іх тоеснасць і могуць служыць узбагачэнню ўсяго Касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

1-3 сакавіка 2026 года ў Дыкастэрыі веравучэння прайшла пленарная сустрэча біскупаў-ардынарыяў персанальных ардынарыятаў, створаных на падставе Апостальскай канстытуцыі “Anglicanorum сoetibus”. Прэфект ватыканскага ведамства, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, папрасіў іерархаў падзяліцца досведам таго, як у іх супольнасцях захоўваюцца і інтэгруюцца элементы англіканскай традыцыі. На падстве іх адказу быў падрыхтаваны адмысловы дакумент, апублікаваны на сайце Дыкастэрыі.

Каштоўны дар

Біскупы сцвердзілі, што, нягледзячы на вялікія геаграфічныя адлегласці паміж ардынарыятамі, у іх супольнасцях, дзе б яны ні знаходзіліся, выразна праяўляецца агульная тоеснасць.

“Гэтая агульная тоеснасць караніцца ў супольным шляху следавання за Хрыстом, які прывёў іх да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам”, - адзначылі іерархі, заўважыўшы, што, уступаючы ў гэту еднасць, яны прынеслі з сабой тое, што Павел VI назваў “каштоўнай спадчынай пабожнасці і звычаяў”. Біскупы згадалі таксама, што Апостальская канстытуцыя Бэнэдыкта XVI “Anglicanorum сoetibus”, выдадзеная ў 2009 годзе, апісвае гэту спадчыну як “каштоўны дар [...] і скарб, якім трэба дзяліцца”.

Сем рысаў тоеснасці

Іерархі вылучылі некалькі рысаў, якія яны лічаць характэрнымі для духоўнай і пастырскай спадчыны ардынарыятаў. Першай яны назвалі “эклезіяльны этас”, які характарызуецца актыўным удзелам духавенства і свецкіх вернікаў у жыцці і кіраванні Касцёлам, а таксама адкрытасцю на прыняцце новых вернікаў.

Другая рыса – евангелізацыя праз прыгажосць. Яна прадугледжвае ўвагу да літургіі, сакральнай музыкі і мастацтва, якія разглядаюцца як сродкі для ўвядзення ў еднасць з Богам і як місіянерскія інструменты.

Трэцяя рыса спадчыны ардынарыятаў – канкрэтнае служэнне патрабуючым як неад’емная частка духоўнага жыцця. “У ардынарыятах прыгажосць літургіі і святасць жыцця выяўляюцца ў канкрэтных рэаліях месцаў пражывання”, - напісалі біскупы.

Чацвёртай рысай іерархі назвалі пастырскую культуру, якая прадугледжвае цесную сувязь паміж літургіяй і штодзённым жыццём. “Адметнасцю тут з’яўляецца літургічны, амаль манаскі рытм, уласцівы англіканскай духоўнай традыцыі. Важным элементам з’яўляецца супольная малітва Літургіі гадзін як малітва ўсяго Божага народу”, - гаворыцца ў тэксце.

Пятая рыса – сям’я як “хатні Касцёл”. Дом лічыцца першым месцам, дзе вучацца веры і жывуць ёй. Асаблівая ўвага надаецца сакрамэнту сужэнства і ролі бацькоў як галоўных выхавацеляў іх дзяцей у веры, - напісалі ардынарыі.

Шостая характарыстыка – моцная традыцыя прапаведавання, заснаванага на Святым Пісанні, увага да інтэлектуальнага сілкавання вернікаў як неад’емнай часткі сілкавання іх душаў. “Тут зноў з’яўляецца тэма прыгажосці: сустрэча з Хрыстом у бляску літургіі і абвяшчэнні Божага слова не разумеюцца як асобныя рэальнасці, а як два вымярэнні адной і той жа сустрэчы. У супольнасцях ардынарыяту гэта рэалізуецца на моцным падмурку Традыцыі (асабліва вучэння Айцоў Касцёла) і з прызнаннем ролі розуму ў гармоніі з верай і служэнні ёй”, - падкрэслілі біскупы.

Сёмая рыса – важнае значэнне духоўнага кіраўніцтва і сакрамэнту пакаяння, асабістая ўвага да кожнага верніка і яго суправаджэнне на шляху да сустрэчы з Хрыстом, Добрым Пастырам.
 

27 сакавіка 2026, 11:49