Пошук

Кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса Кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал дэ Мендонса: паэзія супраць алгарытмаў

У Сусветны дзень паэзіі кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса падкрэсліў, што лірычнае слова з’яўляецца неабходнай прасторай для будавання міру і захавання чалавечнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю “Vatican News” прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі адзначыў, што паэтычнае мастацтва ў часы канфліктаў становіцца імпульсам для вяртання страчанай братэрскасці. Паводле яго слоў, паэзія заўсёды знаходзіцца на баку міру, бо яна грунтуецца на маўчанні, якое разумеецца як слуханне і гасціннасць.

Кардынал дэ Мендонса, звяртаючыся да думак Папы Льва XIV і Папы Францішка, паказаў паэзію як форму супраціву чалавека. У апостальскім лісце Папы Льва “Намаляваць новыя карты надзеі” (Disegnare nuove mappe di speranza) падкрэсліваецца, што ніводзін алгарытм не здольны замяніць паэтычны пошук. У той час як алгарытм заўсёды гаворыць пра ўчорашні дзень, паэзія мае пакт з будучыняй, шукаючы яшчэ не выказанае слова.

Разважаючы пра сутнасць лірыкі, кардынал дэ Мендонса падкрэсліў, што веліч паэтычнага слова ў яго здольнасці пераадольваць любыя межы і прыватныя інтарэсы. “Паэзія вучыць нас адчуваць супольнае "мы", робячы адукацыю больш чалавечнай”, - адзначыў іерарх, дадаўшы, што лірычнае слова не навязвае ісціну, а стварае неабходную прастору, каб яна магла жыць у чалавечым сэрцы

Як адзначыў прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, спасылаючыся на такіх мысляроў, як святы Джон Генры Ньюмэн або Фернанду Песоа, паэзія нараджаецца з сумоўя з цішынёй. Менавіта ў гэтай цішыні слова захоўвае праўду і становіцца здабыткам усіх, нагадваючы, што кожны з нас з’яўляецца “спадчыннікам універсальнага”.
 

21 сакавіка 2026, 11:23