Пошук

Кардынал Купт Кох падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян Кардынал Купт Кох падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян  (Vatican Media)

Экуменізм пачынаецца з еднасці ўнутры Касцёла – кардынал Кох

Кардынал Курт Кох перакананы, што сапраўдны экуменізм немагчымы без унутранай еднасці самога Каталіцкага Касцёла. Пра гэта ён заявіў у нядаўнім інтэрв'ю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству падзяліўся сваімі думкамі з іспанамоўным парталам "Religión Confidencial". Паводле яго слоў, Касцёл здольны быць вартым даверу інструментам прымірэння ў свеце толькі тады, калі сам жыве ў поўнай згодзе. У адваротным выпадку ён губляе сваю сілу як знак міру і інструмент яднання для іншых.

Сапраўдны экуменічны дыялог, як адзначае іерарх, нараджаецца з сустрэчы глыбокіх перакананняў, а не з сумнеўных кампрамісаў. Калі розныя погляды на праўду сутыкаюцца і абмяркоўваюцца, абодва бакі могуць узаемна ўзбагаціцца і паглыбіць хрысціянскую веру.

Кардынал падкрэсліў: еднасць немагчыма пабудаваць на сумнеўных кампрамісах, яна павінна грунтавацца выключна на сапраўднай веры. Такую еднасць можна знайсці толькі ў апостальскай веры – той самай, якая даецца кожнаму чалавеку падчас хросту.

Журналісты таксама закранулі балючую тэму магчымай схізмы ў выніку планаваных пасвячэнняў біскупаў у Брацтве святога Пія X. Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству патлумачыў, што гэтае пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю яго ведамства, бо яно займаецца адносінамі з тымі хрысціянамі, якія не знаходзяцца ў камуніі з Папам.

Разам з тым кардынал Кох прызнаўся, што шчыра спадзяецца на імкненне Брацтва да еднасці і пазбяганне любой схізмы. Пры гэтым ён нагадаў, што нават такі дыялог заўсёды павінен абапірацца выключна на праўду каталіцкай веры.
 

20 сакавіка 2026, 08:01